0%

Адкрыццё малочна-таварный фермы ў філіяле ААТ “БЕЛАЗ”: перадавыя тэхналогіі забяспечаць высокую прадуктыўнасць

19 декабря 2019

Новости

19 снежня ў філіяле ААТ “БЕЛАЗ” – кіруючая кампанія холдынгу “БЕЛАЗ-ХОЛДЫНГ” – СВК “Першамайскі” ўведзена ў эксплуатацыю новая малочна-таварная ферма (МТФ) на 774 галавы буйной рагатай скаціны з сучаснымі тэхналогіямі, якія забяспечаць высокую прадуктыўнасць, якасць малака, захаванне пагалоўя.

Новы сельскагаспадарчы аб’ект у СВК “Першамайскі” адкрывалі генеральны дырэктар ААТ “БЕЛАЗ” Пётр Пархомчык, першы намеснік старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Ігар Макар, в.а. старшыні Смалявіцкага раённага выканаўчага камітэта Мікалай Парамонаў.

– Гэты комплекс будзе ўзорам таго, як неабходна сёння працаваць у сельскай гаспадарцы ў новых умовах, – сказаў Ігар Макар, – як штуршок да таго, каб вырабляць малочную прадукцыю зусім іншай якасці і падысці да аднаго з лепшых вынікаў па надоях на адну карову ў год па рэспубліцы, і ў вас ёсць усе ўмовы, каб выйсці ў лідары па гэтым паказчыку ў цэлым па краіне. Асаблівую падзяку хачу выказаць кіраўніцтву БЕЛАЗа за дапамогу і садзейнічанне, якое вы аказваеце працаўнікам сельскай гаспадаркі, свайго сельскагаспадарчага філіяла, і дзякуй за партнёрскія адносіны, якія ёсць сёння ў вас.

Урачыстай граматай Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання ўзнагароджаны генеральны дырэктар ААТ “БЕЛАЗ” Пётр Пархомчык за актыўнае і эфектыўнае садзейнічанне ў рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў сферы сельскагаспадарчай вытворчасці.

Плошча новага комплекса МТФ 13,4 тыс. метраў квадратных. Аб’ём інвестыцый, накіраваных на будаўніцтва гэтага сельскагаспадарчага аб’екта, складае 7,9 млн рублёў.

Комплекс абсталяваны пад беспрывязнае ўтрыманне скаціны. Даільна-малочны блок аснашчаны высокатэхналагічным абсталяваннем з хуткім выхадам і аўтаматычнай сістэмай кантролю якасці, якая дазваляе вызначаць у патоку колькасць і якасць малака. Праграма сістэмы кіравання даільнай залы дазваляе весці ўлік надояў па кожнай жывёліне.

Укараненне прагрэсіўных тэхналагічных рашэнняў дазволіць павялічыць гадавы выраб малака ў 1,47 раза, павысіць таварнасць малака на 4 %, скараціць расход кармоў на 21 % і працазатраты пры вырабе малака на 24 %.

Узвядзенне з нуля МТФ у “Першамайскім” пачалося ў маі 2017 года. Будаўнічыя работы ажыццяўлялі спецыялісты і працаўнікі генпадрадчыка – ААТ “БЕЛАЗ” (каля 100 працаўнікоў МСП “БЕЛАЗБУДКОМПЛЕКС” (далей МСП “ББК”) і некалькі субпадрадных арганізацый. Сіламі МСП “ББК” рабіліся будаўніча-мантажныя, земляныя, дахавыя, апрацоўчыя, сталярна-цяслярныя, малярныя, санітарна-тэхнічныя, электрамантажныя работы, мантаж тэхналагічнага абсталявання, ацяплення і вентыляцыі, працы па добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторыі.

Адкрыццё новай малочна-таварнай фермы дазволіць СВК “Першамайскі” нарошчваць пагалоўе і, адпаведна, аб’ёмы вырабу і рэалізацыі сельскагаспадарчай прадукцыі.

СВК “Першамайскі” – гэта шматпрофільнае, аграпрамысловае прадпрыемства, якое хутка развіваецца і асноўныя вытворчыя спецыялізацыі якога – вырошчванне збожжавых і зернебабовых, кармавых і тэхнічных культур, бульбы, а таксама выраб малака, ялавічыны, свініны, перапрацоўка мяса.
У сельскагаспадарчым філіяле БЕЛАЗа працуюць дзве МТФ з пагалоўем 2 697 галоў буйной рагатай скаціны, з якіх 1 050 – малочнага накірунку. Пры існуючай у гаспадарцы тэхналогіі вырабу малака жывёлаводы дасягнулі паказчыка 8,4 тысячы літраў надою на карову ў год. Гэта максімум пры прывязным утрыманні пагалоўя дойнага статку. Павялічыць надоі ад каровы можна, калі перайсці на больш сучасныя, прагрэсіўныя тэхналогіі. Менавіта беспрывязнае ўтрыманне жывёлаў прадугледжваецца на новай МТФ. Вынікі вытворча-эканамічнай дзейнасці філіяла ў 2019 годзе. Гаспадарка дасягнула высокіх паказчыкаў у раслінаводчай галіне – атрыманы рэкордны за ўсю гісторыю існавання філіяла ўраджай збожжавых культур, які склаў 7 468 тон без уліку кукурузы, якой сабрана 1 912 тон. Загатоўлена 8 209 тон травяных кармоў, што на адну ўмоўную галаву скаціны склала 41,4 цэнтнера. Гэта вышэй узроўню мінулага года больш чым на 30 %. У агульным жа па філіяле рост вырабу раслінаводчай прадукцыі на 2019 год у супастаўных цэнах да ўзроўню 2018 года склаў 127 %. Добрыя вынікі і ў жывёлагадоўчай галіне: валавая вытворчасць і рэалізацыя малака ўзраслі да ўзроўню мінулага года амаль на 10 %. Тэмп росту валавай прадукцыі ў супастаўных цэнах па філіяле за 2019 год склаў 111 % да 2018 года.
Адзін з накірункаў развіцця СВК – уласны цэх па перапрацоўцы мяса. Прадукцыя гаспадаркі, а гэта больш за 20 найменняў усемагчымых каўбасных вырабаў, паўфабрыкатаў і гэтак далей, запатрабаваныя не толькі завадчанамі, але і жыхарамі горада Жодзіна.