0%

БЕЛАЗ-7555I з рухавіком, адпаведным патрабаванням Stage V

27 мая 2020

Новости

У Польшчы прайшлі выпрабаванні 60-тоннага БЕЛАЗа, на якім устаноўлены рухавік магутнасцю амаль 800 конскіх сіл, які адпавядае еўрапейскім экалагічным патрабаванням Stage V.

Стандарты Stage V, якія ўводзяцца ў еўрапейскіх краінах з мінулага года, значна больш строгія за дзеючыя экалагічныя нормы і накіраваныя на абмежаванне выкідаў шкодных рэчываў і захаванне навакольнага асяроддзя для будучых пакаленняў.
Новы экалагічны стандарт для пазадарожнай тэхнікі прадугледжвае ўвядзенне ліміту на аб’ём часціц сажы ў выхлапных газах. Гэта прадугледжвае абавязковае выкарыстанне высокаэфектыўных тэхналогій фільтравання цвёрдых часціц, у тым ліку фільтраў з актыўнай рэгенерацыяй.

Беларуская кар’ерная тэхніка карыстаецца заслужанай папулярнасцю ва ўсім свеце. Добра яе ведаюць і ў Еўропе. БЕЛАЗ шануе шматгадовыя партнёрскія адносіны і імкнецца, каб яго прадукцыя максімальна адпавядала запытам і зменам рынку. У лютым афіцыйны прадстаўнік Беларускага аўтамабільнага завода кампанія Polmark Kielce сумесна са спецыялістамі VOLVO PENTA (Швецыя), у цесным супрацоўніцтве з кампаніямі ERS Engineering Corp. (ЗША) і СТАА «Вестэрн Тэхноладжыз» (сэрвіс-дылер VOLVO PENTA у Беларусі) паспяхова рэалізаваў праект па мадыфікацыі кар’ернага самазвала БЕЛАЗ-7555I грузападымальнасцю 60 тон.

На БЕЛАЗ-7555I усталявалі сучасны шаснаццацілітровы рухавік VOLVO PENTA TWD1683VE магутнасцю амаль 800 конскіх сіл (585 кВт), які адпавядае еўрапейскім экалагічным патрабаванням Stage V.

Выпрабаванні, падчас якіх БЕЛАЗ, абсталяваны экалагічным рухавіком, паказаў выдатныя вынікі па прадукцыйнасці, магутнасці, эканамічнасці і надзейнасці, прайшлі ў Польшчы ў кар’еры кампаніі OZAROW GROUP – адной з найбуйнейшых еўрапейскіх кампаній па здабычы шчэбеню і вытворчасці цэменту.

У самазвалаў БЕЛАЗ-7555I з рухавікамі VOLVO PENTA – добрыя перспектывы, гэта запатрабаваны прадукт для еўрапейскага і сусветнага спажыўца. Ужо сёння кіраўніцтва кампаніі OZAROW GROUP разглядае пытанне аб закупцы яшчэ адной машыны БЕЛАЗ-7555I з рухавіком VOLVO PENTA на працягу 2020.