0%

Белазаўцы не застануцца без увагі роднага прадпрыемства

5 февраля 2020

Новости

«Працуем на БЕЛАЗе – служым Радзіме» – так называецца праект, які рэалізуецца аддзелам ідэалагічнай работы і сувязей з грамадскасцю прадпрыемства ўжо на працягу года.

Пабываць у месцах, дзе праходзяць тэрміновую службу маладыя белазаўцы, даць ім магчымасць у чарговы раз адчуць клопат пра сябе і даведацца, як хлопцам служыцца, – ключавая канцэпцыя гэтага карпаратыўнага праекта.

На гэты раз прадстаўнікі прадпрыемства наведалі 85-ю брыгаду сувязі і пазнаёміліся з вайсковымі буднямі інжынера-праграміста ўпраўлення галоўнага канструктара навукова-тэхнічнага цэнтра ААТ «БЕЛАЗ» Вадзіма Міхана.

Малады аўтазаводзец, цяпер армеец, быў прызваны на тэрміновую службу восенню мінулага года. Ён вадзіцель-электронік, і служба яго адказная: асноўнае прызначэнне гэтага вайсковага фармавання заключаецца ў разгортванні палявых ліній сувязі.

Камандаванне брыгады і Вадзім Міхан чакалі гасцей з БЕЛАЗа і пазнаёмілі іх з салдацкім побытам, распавялі пра армейскія будні. Алена Конан, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і сувязей з грамадскасцю, і Кацярына Гусева, спецыяліст па працы з моладдзю, прыехалі да салдата не з пустымі рукамі: яны ўручылі Вадзіму спецыяльны дыплом за ўдзел у конкурсе «Маладзёжны патэнцыял – інавацыйнаму развіццю БЕЛАЗа – 2019» у намінацыі «Сацыяльна-эканамічнае развіццё», а таксама маладому чалавеку перадалі ліст ад яго калег па бюро і салодкія падарункі.

Праца з моладдзю на БЕЛАЗе знаходзіцца пад пастаяннай увагай адміністрацыі прадпрыемства. Тут стаўку робяць на актыўную і мэтанакіраваную моладзь і ствараюць умовы, якія б стымулявалі развіццё творчасці, прафесіяналізму маладых работнікаў, падтрымліваюць прапанаваныя імі ініцыятывы.