0%

Больш за 41 % – доля краін далёкага замежжа ў пастаўках прадукцыі ААТ «БЕЛАЗ»

5 августа 2020

Новости

Нягледзячы на складаную сітуацыю ў сусветнай горназдабываючай прамысловасці, ва ўмовах нестабільнасці рынкаў кар’ернай тэхнікі Беларускі аўтамабільны завод у поўным аб’ёме выканаў ліпеньскі бізнес-план па такім важным паказчыку, як аб’ём адгрузкі гатовай прадукцыі. Мэтанакіраваная і вывераная стратэгія ААТ «БЕЛАЗ» па дыверсіфікацыі экспарту прыносіць свой плён.

Кар’ерную тэхніку «БЕЛАЗ» рыхтуюць да адгрузкі спажыўцам.

Прадпрыемства хутка і рашуча зрэагавала на кардынальныя змены рыначных умоў, робячы ўсё магчымае, каб пераадолець перыяд нявызначанасці і мінімізаваць магчымыя страты. Так, па выніках ліпеня ў аб’ёме адгружанай ААТ «БЕЛАЗ» прадукцыі асобным радком варта вылучыць рэалізацыю спажыўцам кар’ерных самазвалаў грузападымальнасцю ад 30 да 130 тон, у тым ліку рабатызаваных 90-тонных кар’ерных самазвалаў БЕЛАЗ-7558R, а таксама дыстанцыйна кіруемага пагрузчыка БЕЛАЗ-7825D, шахтавых самазвалаў «МаАЗ» і скрэпераў МаАЗ-60148.

У перыяд са студзеня па ліпень БЕЛАЗу ўдалося ажыццявіць сапраўдны прарыў у павелічэнні сегмента далёкага замежжа ў агульным аб’ёме экспартных паставак сваёй прадукцыі. Доля краін далёкага замежжа ў адгрузцы па выніках сямі месяцаў года перавысіла 41 % (33,6 працэнтнага пункта да ўзроўню аналагічнага перыяду мінулага года) – гэта максімальны паказчык за ўсю гісторыю развіцця прадпрыемства ў параўнанні з гадавымі значэннямі.

Гэтак сур’ёзна дыверсіфікаваць экспартныя пастаўкі з пачатку года БЕЛАЗ здолеў дзякуючы продажам сваёй прадукцыі ў 14 краін далёкага замежжа – Індыю, Манголію, Алжыр, Польшчу, Балгарыю, Боснію і Герцагавіну і іншыя. Усяго ж белазаўская прадукцыя пастаўлялася за першыя сем месяцаў бягучага года ў 21 дзяржаву свету. Пры гэтым на ўнутраны рынак рэалізавана больш за 11 %, на экспарт – каля 89 %, з якіх у Расію – 34,2 %, у іншыя краіны блізкага замежжа (Арменію, Грузію, Казахстан, Узбекістан і Украіну) – 13,3 %.

Геаграфія паставак прадукцыі ААТ «БЕЛАЗ» у студзені-ліпені 2020 года

Характэрны той факт, што сярэднямесячная адгрузка ў краіны далёкага замежжа ў 2020 годзе з’яўляецца другім у гісторыі БЕЛАЗа значэннем пасля 2011 года, перавышаючы сярэднемесячныя паказчыкі рэкордных для прадпрыемства 2012 і 2018 гадоў. Аналагічная сітуацыя і па такім паказчыку, як сярэдняя грузападымальнасць самазвала, рэалізаванага ў краіны далёкага замежжа, – другі вынік у параўнанні з 2011 годам – 118 супраць 126 тон. Пры гэтым +10 тон і +14 тон да рэкордных 2012 і 2018 гадоў адпаведна.

Найбольш папулярныя класы грузападымальнасці ў аб’ёме адгрузкі за студзень-ліпень 2020 года.

Зараз прапрацоўваюцца пытанні пастаўкі тэхнікі «БЕЛАЗ» да канца 2020 года горназдабываючым прадпрыемствам Узбекістана, Казахстана, Украіны, Арменіі і Беларусі.

Паступова ажывае і стратэгічны для БЕЛАЗа рынак Расійскай Федэрацыі, у першую чаргу металургічныя прадпрыемствы.

У рэчышчы далейшай рэалізацыі важнай стратэгічнай задачы па геаграфічнай трансфармацыі экспарту запланаваная адгрузка тэхнікі «БЕЛАЗ» у Інданэзію, Сербію, Індыю, Алжыр, Манголію, Паўднёва-Афрыканскую Рэспубліку, Боснію і Герцагавіну і іншыя краіны далёкага замежжа. Такім чынам, з улікам чаканага аб’ёму экспарту доля краін далёкага замежжа можа наблізіцца да 45 % у агульным аб’ёме адгрузкі.

Нарошчванне экспартных паставак прадукцыі БЕЛАЗа, паспяховае прасоўванне яе на сусветным рынку дасягаецца задавальненнем самых нестандартных запытаў нашых партнёраў з апорай на якасць прадукцыі, практычнасць, эканамічнасць і эфектыўнасць тэхнікі «БЕЛАЗ», а таксама на яе якаснае і даступнае сэрвіснае суправаджэнне.