0%

Даўні і надзейны партнёр БЕЛАЗа – РУВП «ГРАНІТ» адзначае свой 45-гадовы юбілей

9 октября 2020

Новости

Вядучы спажывец прадукцыі ААТ «БЕЛАЗ» у Беларусі рэспубліканскае ўнітарнае вытворчае прадпрыемства «Граніт» (Мікашэвічы), найбуйнейшае ў Еўропе па здабычы і перапрацоўцы шчыльных горных парод, адзначае ў гэтыя дні свой 45-гадовы юбілей.

На працягу некалькіх дзесяцігоддзяў БЕЛАЗ і РУВП «Граніт» ідуць плячо ў плячо, разам развіваючыся і дамагаючыся поспеху. Па серпантыне тэхналагічных дарог унікальнага, самага буйнога ў Еўропе гранітнага кар’ера «Мікашэвічы» прыродны камень на перапрацоўку перавозяць больш за 60 кар’ерных самазвалаў «БЕЛАЗ». Не так даўно тут пачалі працаваць і першыя кар’ерныя самазвалы БЕЛАЗ-75581 з электрамеханічнай трансмісіяй зменна-пераменнага току – першыя 90-тонныя машыны такой камплектацыі, якія працуюць у Беларусі.

У цэлым аўтатранспартны парк – адно з найважнейшых падраздзяленняў «Граніту». Ён з’яўляецца сувязным звяном паміж кар’ерам і драбільна-сартавальным заводам. Пры гэтым асноўная нагрузка па перавозцы цяжкай горнай пароды на самым складаным і інтэнсіўным участку мікашэвіцкага кар’ера ляжыць на кар’ерных самазвалах «БЕЛАЗ» грузападымальнасцю ад 32 да 90 тон. Працуе ў кар’еры таксама і спецтэхніка «БЕЛАЗ» – пагрузчыкі і бульдозеры.

Шматгадовае ўзаемавыгаднае партнёрства БЕЛАЗ і «Граніту» ў гэтым годзе атрымала новы імпульс з пачаткам ўкаранення на вытворчасці сумеснага эксперыментальнага праекта «бязлюдная тэхналогія здабычы на Сітніцкім радовішчы з выкарыстаннем тэхналогіі перадачы даных па каналах 5G». У жніўні ў новым кар’еры РУВП «Граніт» Сітніцкага радовішча пачаліся выпрабаванні рабатызаванага пагрузачна-даставачнага комплексу вытворчасці ААТ «БЕЛАЗ», які складаецца з двух 90-тонных кар’ерных самазвалаў у рабатызаваным выкананні і дыстанцыйна кіруемага франтальнага пагрузчыка на базе БЕЛАЗ-78250.

Першая чарга камбіната нярудных матэрыялаў «Мікашэвічы» (першая назва прадпрыемства) была здадзена ў 1975 годзе. Сёння РУВП «Граніт» – гэта шматфункцыянальны тэхналагічны комплекс, які вырабляе больш за 15 мільёнаў тон гранітнага друзу ў год! У вытворчым працэсе выкарыстоўваецца магутнае сучаснае горна-выемачнае, буравое, транспартнае і драбільна-сартавальнае абсталяванне вядучых вытворцаў. У выніку горная парода ператвараецца ў высакаякасны будаўнічы прадукт. РУВП «Граніт» з’яўляецца надзейным партнёрам для айчынных і замежных спажыўцоў.

Віншуем нашых сяброў-партнёраў з юбілеем. Жадаем стабільнай і плённай працы. Наперадзе ў нас новыя рубяжы, сумесныя праекты і смелыя пачынанні. Няхай новы этап гісторыі «Граніту» і нашага супрацоўніцтва будзе такім жа паспяховым і плённым!

Фота granit.by, planetabelarus.by, auto.onliner.by, группа в ОК «Микашевичи – наш родной город»