0%

Для забеспячэння эпідэміялагічнай бяспекі

22 мая 2020

Новости

У мэтах забеспячэння спрыяльных і бяспечных умоў працы ў ААТ «БЕЛАЗ» у сучасны момант рэалізуецца шырокі комплекс планавых мерапрыемстваў па прафілактыцы вострых рэспіраторных вірусных інфекцый.


22–23 мая вайскоўцы войскаў радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай аховы Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь праводзяць маштабную дэзынфекцыю тэрыторыі і памяшканняў прадпрыемства.


Ваенныя хімікі, абсталяваныя сучаснымі сродкамі індывідуальнай аховы органаў дыхання і скуры, правялі апрацоўку растворам-дэзынфектарам прахадных, праездаў, асфальтаваных тэрыторый, вытворчых цэхаў, а таксама калідораў, лесвічных праёмаў адміністрацыйных, бытавых, службовых памяшканняў і іншых завадскіх аб’ектаў.


Разам са штатнай тэхнікай і сродкамі аховы, якія стаяць на ўзбраенні войскаў, беларускія ваенныя задзейнічалі і новыя ўзоры спецыяльна падрыхтаваных камплектаў для дэзынфекцыі.

Кампаніяй «БЕЛАЗ» таксама праводзяцца і іншыя мерапрыемствы па прафілактыцы вострых рэспіраторных вірусных інфекцый: ва ўсіх бытавых памяшканнях размешчаны дазатары з дэзынфекцыйным сродкам для рук, арганізавана забеспячэнне белазаўцаў шматразовымі ахоўнымі маскамі. Рэгулярна выконваецца праветрыванне і санітарная ўборка адміністрацыйных, вытворчых і службовых памяшканняў. Ажыццяўляецца штодзённы кантроль здароўя работнікаў.

Узмоцнена дадатковае інфармаванне работнікаў прадпрыемства пра важнасць выканання правілаў асабістай гігіены і рэкамендацый лекараў. У карпаратыўных СМІ і на цэхавых інфастэндах размешчаны памяткі з асноўнымі правіламі, выкананне якіх дазваляе значна знізіць рызыку захворванняў.

Комплекс мер па забеспячэнні эпідэміялагічнай бяспекі і прафілактыкі інфекцый, які рэалізуецца на БЕЛАЗе, спрыяе захаванню здароўя завадчан і працаздольнасці калектыву прадпрыемства, паспяховаму вырашэнню вытворчых задач.