0%

Намеснік Генеральнага пракурора Беларусі Аляксандр Лашын сустрэўся з работнікамі БЕЛАЗа

30 июля 2020

Новости

Беларускі аўтамабільны завод 30 ліпеня ў фармаце рабочай паездкі наведаў намеснік Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь дзяржаўны саветнік юстыцыі 3 класа Аляксандр Лашын. Ён азнаёміўся з вытворчасцю, паразмаўляў з прадстаўнікамі працоўнага калектыву.

З прадпрыемствам Аляксандра Лашына азнаёміў генеральны канструктар – начальнік навукова-тэхнічнага цэнтра ААТ «БЕЛАЗ» Алег Сцяпук.

У ходзе наведвання завадскога музея і вытворчых цэхаў намеснік Генеральнага пракурора Аляксандр Лашын цікавіўся ў Алега Сцепука, які выконвае абавязкі генеральнага дырэктара ААТ «БЕЛАЗ», вынікамі гаспадарчай дзейнасці прадпрыемства ў першай палове года і бліжэйшымі перспектывамі развіцця завода. Даведаўся, з якімі цяжкасцямі белазаўцы сутыкнуліся ва ўмовах нестабільнасці сусветнай эканомікі.

– Толькі калі наведваеш такі флагман айчыннага машынабудавання, як БЕЛАЗ, разумееш, наколькі правільна ў цяжкія для Беларусі 90-я гады быў зроблены выбар мадэлі развіцця прадпрыемстваў, – заўважыў Аляксандр Лашын. – Тады Беларускі аўтамабільны завод выстаяў і стаў адным з сімвалаў краіны. Так, цяпер з-за пандэміі мы перажываем сур'ёзны перыяд, але цешыць, што выходзім з яго з меншымі стратамі, чым нават нашы бліжэйшыя суседзі.

Намеснік Генпракурора пабываў таксама на выставачнай пляцоўцы вытворчасці звышцяжкіх машын, дзе яму прадэманстравалі ўзоры кар'ернай і спецыяльнай тэхнікі, што выпускае БЕЛАЗ, распавялі пра канкурэнтныя перавагі навінак і навукова-тэхнічным патэнцыяле лідара айчыннага машынабудавання.

Намеснік Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лашын і Андрэй Мальцаў, начальнік упраўлення па наглядзе за выкананнем заканадаўства і законнасцю прававых актаў Генеральнай пракуратуры, пагутарылі з белазаўцамі.

На сустрэчы з прадстаўнікамі працоўнага калектыву падымаліся тэмы ўдасканалення працоўных адносін, забеспячэння сацыяльных гарантый, умацавання працоўнай і выканальніцкай дысцыпліны.