0%

Новыя 240-тонныя «БЕЛАЗы» для ЕЎРАЗ КГАКа

11 июня 2020

Новости

Два найноўшыя кар’ерныя самазвалы БЕЛАЗ-75313 грузападымальнасцю 240 тон папоўнілі парк горнага транспарту ЕЎРАЗ Качканарскага горна-абагачальнага камбіната (Свярдлоўская вобласць, Расійская Федэрацыя). У гэтых магутных машынах аптымальна спалучаюцца грузападымальнасць, тэхнічныя характарыстыкі і камфорт.

Першы 240-тонны «БЕЛАЗ» быў урачыста ўведзены ў эксплуатацыю на ЕЎРАЗ КГАКе ў жніўні мінулага года, стаўшы самазвалам-першапраходцам на горназдабываючых прадпрыемствах Свярдлоўскай вобласці ў класе тэхнікі такой вялікай грузападымальнасці. Унікальныя для гэтага ўральскага рэгіёну беларускія машыны паступілі на камбінат у рамках рэалізацыі інвестыцыйнай праграмы далейшага пашырэння вытворчых магчымасцяў аднаго з найбуйнейшых у Расіі вытворцаў жалезаруднай сыравіны.

Тут вельмі сур’ёзна падрыхтаваліся да прыёмкі папаўнення з Беларусі. Спецыяльна для перамяшчэння велікагрузаў «БЕЛАЗ» на КГАКе пабудавалі тэхналагічныя дарогі шырынёй больш за 20 метраў, бокс і аўтамыйню, набылі абсталяванне для іх тэхнічнага абслугоўвання. У выніку да канца 2019 года на лінію выйшлі яшчэ два такія ж мегасамазвалы. Зараз з улікам двух новых белазаўскіх цяжкавагавікоў самыя складаныя вытворчыя задачы па транспарціроўцы руды ў кар’еры Качканарскага ГАКа вырашаюць ужо пяць 240-тонных кар’ерных самазвалаў прэміяльнага беларускага брэнда.

БЕЛАЗ-75313 валодае пашыраным функцыяналам, паліўнай эканамічнасцю, высокай манеўранасцю, плаўнасцю ходу і ўстойлівасцю на дарозе. Перадавыя тэхнічныя рашэнні, увасобленыя ў ім, робяць самазвал надзейным, бяспечным і максімальна эфектыўным у працы:
– узмоцненая рама з літымі элементамі ў найбольш нагружаных месцах;
– магутны дызельны 16-цыліндравы рухавік у дзве з паловай тысячы конскіх сіл і электронным кіраваннем;
– электрамеханічная трансмісія пераменна-пераменнага току;
– аб’яднаная гідрасістэма рулявога кіравання, тармазоў і перакульнага механізму;
– сістэмы кантролю паліва, загрузкі і ціску ў шынах.

240-тоннікі для ЕЎРАЗ КГАКа да таго ж выраблены па індывідуальных тэхнічных патрабаваннях спажыўца і аснашчаны дадатковымі «дэвайсамі»: для зручнасці на машыне ўсталявана дыяганальная лесвіца, маецца аўтаматычная сістэма пажаратушэння, камера кругавога агляду, а галоўнае – спецыяльнае «разумнае» абсталяванне для інтэграцыі кар’ернага самазвала ў сістэму аўтаматычнай дыспетчарызацыі «Кар’ер».

У новых машынах БЕЛАЗ-75313 створаны павышаныя ўмовы камфортнасці працы вадзіцеляў: дзейнічаюць цяпло- і вібраізаляцыя, а таксама эфектыўныя сістэмы абагравання і вентыляцыі, якія забяспечваюць аптымальную тэмпературу пры любых умовах надвор’я.

Максімальная адпаведнасць умовам эксплуатацыі, надзейнасць канструкцыі, бяспека і эфектыўнасць, практычнасць і інавацыйнасць – ключавыя характарыстыкі, якія адрозніваюць кар’ерную тэхніку «БЕЛАЗ». Гэта менавіта тое, што выбірае сучасны спажывец.