0%

Pro-выбар разам з БЕЛАЗам

22 ноября 2019

Новости

На Беларускім аўтамабільным заводзе стартаваў новы прафарыентаваны праект «Pro-выбар разам з БЕЛАЗам» для вучняў 9 і 10 класаў школ горада машынабудаўнікоў Жодзіна. Мэта праекта – дапамагчы заўтрашнім выпускнікам з выбарам прафесіі, разуменнем яе сутнасці.

У межах праекта прадстаўнікі маладзёжнага актыву БЕЛАЗа наведалі падшэфную сярэднюю школу № 4 і ў даступнай форме распавялі вучням дзявятых і дзясятага класаў аб завадскіх прафесіях і спецыяльнасцях.

Аб тым, з чаго пачынаецца стварэнне кар’ернай тэхнікі, рабяты даведаліся з аповеду Аляксея Мелеха, інжынера-канструктара бюро кампаноўкі ўпраўлення галоўнага канструктара.

Сусветныя рынкі і рэгіёны прысутнасці БЕЛАЗа былі тэмай выступлення Ягора Чарняўскага, намесніка начальніка аналітычнага аддзела маркетынг-цэнтра

Інжынер-тэхнолаг бюро падрыхтоўкі вытворчасці з ПУ ўпраўлення галоўнага тэхнолага Сяргей Каралёў распавёў будучым студэнтам аб тэхналогіях, якія выкарыстоўваюцца на БЕЛАЗе

Зацікаўленыя старшакласнікі лёгка ўступалі ў дыялог з белазаўцамі, маладымі, але ўжо прызнанымі спецыялістамі сваёй справы, задавалі самыя розныя пытанні, пачынаючы ад пераліку прадметаў для паступлення на тую ці іншую спецыяльнасць і заканчваючы матэрыяльным стымуляваннем працаўнікоў прадпрыемства.

– У кожным класе я задавала рабятам пытанне, ці вызначыліся яны з будучай прафесіяй, – падзялілася ўражаннямі пасля сустрэчы са школьнікамі Кацярына Гусева, спецыяліст па працы з моладдзю, – і было відавочна, што большасць усё ж такі яшчэ на ростані. Мне вельмі хочацца, каб менавіта наш праект стаў для жодзінскіх школьнікаў гэткай прыступкай у іх будучую спецыяльнасць, каб менавіта з нашай дапамогай яны выбралі свой прафесійны шлях.

Ужо 28 лістапада старшакласнікі прыйдуць на завод і пачнуць пазнаваць дзіўны свет абраных імі прафесій, якія ў далейшым стануць справай усяго іх жыцця.

Кожны апошні чацвер месяца будуць праводзіцца заняткі ў падгрупах (па выбары) па канструяванні машын і механізмаў, тэхналогіі машынабудаўніцтва, прафесіях асноўнай вытворчасці, юрыспрудэнцыі, інфармацыйных тэхналогіях, праграмаванні і рабататэхніцы, эканоміцы, культуры і мастацтву. Зыходзячы з запытаў удзельнікаў праекту, магчыма фармаванне прафарыентацыйных груп па іншых спецыяльнасцях і прафесіях.

Для таго каб падаць сваю заяўку на ўдзел у праекце, неабходна звярнуцца па тэлефоне 8 (01775) 2-75-53, пазначыўшы спецыяльнасць, што вас зацікавіла, нумар школы і клас, дзе вучыцца будучы выпускнік, а таксама месца працы бацькоў. Даведайцеся ўсё пра будучую прафесію ўжо сёння!