0%

Старшыня Мінаблвыканкама Аляксандр Турчын наведаў БЕЛАЗ

28 июля 2020

Новости

28 ліпеня Беларускі аўтамабільны завод з рабочым візітам наведаў старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксандр Турчын, які азнаёміўся з вытворчасцю і пагутарыў з прадстаўнікамі працоўнага калектыву.

З вытворчымі магутнасцямі прадпрыемства Аляксандра Турчына азнаёмілі міністр прамысловасці Рэспублікі Беларусь Пётр Пархомчык і генеральны канструктар – начальнік навукова-тэхнічнага цэнтра ААТ «БЕЛАЗ» Алег Сцяпук.

Падчас візіту губернатара Міншчыны на прадпрыемства абмяркоўваліся тэмы мадэрнізацыі вытворчасці, асваення выпуску новых узораў тэхнікі і рэалізацыі інвестыцыйных праектаў. Пры гэтым асабліва падкрэслівалася, што БЕЛАЗ – гэта не толькі магутны пласт эканомікі краіны, але і прадпрыемства, якое ўносіць значны ўклад у рост дабрабыту Мінскай вобласці і ўмацаванне міжнароднага статусу Беларусі ў цэлым.

Прыярытэтам для аўтагіганта заўсёды была і застаецца здольнасць эфектыўна працаваць і, нягледзячы на ўплыў знешніх фактараў, выпускаць запатрабаваную на сусветным рынку якасную прадукцыю. Згодна з карпаратыўнай стратэгіяй устойлівага развіцця на БЕЛАЗе ідзе бесперапынны працэс мадэрнізацыі вытворчасці. У прыватнасці, Аляксандр Турчын азнаёміўся з укаранёным у прэсавым цэху найноўшым па ўзроўні тэхналогій рабатызаваным комплексам парашковай афарбоўкі дэталяў і вузлоў кар'ерных самазвалаў вялікай і асабліва вялікай грузападымальнасці.

На асноўных вытворчых пляцоўках прадпрыемства кіраўніка сталічнага рэгіёну праінфармавалі аб бягучых сацыяльна-эканамічных паказчыках работы ААТ «БЕЛАЗ», распавялі аб вытворчым патэнцыяле і навукова-тэхнічных магчымасцях прадпрыемства, азнаёмілі з ходам рэалізацыі стратэгіі па геаграфічнай трансфармацыі экспартных паставак з акцэнтам на далёкае замежжа, а таксама з далейшымі планамі па мадэрнізацыі завода.

Пасля агляду зборачнага ўчастка вытворчасці звышцяжкіх машын і ўзораў белазаўскай тэхнікі Аляксандр Турчын пагутарыў з прадстаўнікамі працоўнага калектыву прадпрыемства, адказаўшы на ўсе пытанні, якія цікавілі завадчан.

Старшыня Мінаблвыканкама высока ацаніў узровень развіцця прадпрыемства, што выпускае прадукцыю, якая адпавядае самым жорсткім патрабаванням сусветнага рынку. Адзначыў Аляксандр Турчын і прафесійны ўзровень калектыву БЕЛАЗа і яго здольнасць нават у самых складаных умовах дамагацца высокіх вынікаў.