0%

Сяргей Нікіфаровіч – новы генеральны дырэктар ААТ «БЕЛАЗ»

22 сентября 2020

Новости

Новага кіраўніка Беларускага аўтамабільнага завода прадставілі сёння калектыву прадпрыемства міністр прамысловасці Рэспублікі Беларусь Пётр Пархомчык і міністр эканомікі Рэспублікі Беларусь, старшыня назіральнага савета ААТ «БЕЛАЗ» – кіруючая кампанія холдынгу «БЕЛАЗ-ХОЛДЫНГ» Аляксандр Чарвякоў.

У сустрэчы таксама ўдзельнічалі намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама Мікалай Рагашчук, старшыня Жодзінскага гарвыканкама Дзмітрый Заблоцкі.

– Хацеў бы павіншаваць Сяргея Алегавіча з гэтым прызначэннем. Я ўпэўнены, што пачынаецца новая эра развіцця БЕЛАЗа. Трэба будзе зрабіць вельмі многае, – адзначыў Пётр Пархомчык. – Хачу пажадаць, каб у новага генеральнага дырэктара атрымалася стварыць каманду маладых перспектыўных кіраўнікоў, абапіраючыся на тых мудрых людзей, якія сёння кіруюць пэўнымі працэсамі на прадпрыемстве.

– БЕЛАЗ – гэта флагман сусветнага ўзроўню, і перспектывы ў яго вельмі вялікія. Вядома, у аснове гэтых перспектыў – калектыў і яго кіраўніцтва. Таму маё пажаданне вам, Сяргей Алегавіч, як генеральнаму дырэктару, каб з аднаго боку вы змаглі захаваць і памножыць калектыў, тое ядро, на якім трымаецца ўвесь БЕЛАЗ, а з другога боку – забяспечыць эфектыўнасць вытворчасці ва ўмовах найвелізарнейшай канкурэнцыі на сусветным узроўні – гэта адна з самых складаных задач. Поспехаў вам, – звярнуўся да новага генеральнага дырэктара ААТ «БЕЛАЗ» Аляксандр Чарвякоў.

Сяргей Нікіфаровіч да таго, як стаць на чале ААТ «БЕЛАЗ» – кіруючая кампанія холдынгу «БЕЛАЗ-ХОЛДЫНГ», працаваў дырэктарам ААТ «Кузлітмаш» у Пінску. Гэта станкабудаўнічае прадпрыемства з 2012 года ўваходзіць у склад холдынгу «БЕЛАЗ-ХОЛДЫНГ». «Кузлітмаш» Сяргей Алегавіч узначальваў з 2017 года, да гэтага некаторы час быў першым намеснікам дырэктара па маркетынгу і вытворчасці гэтага прадпрыемства. Яшчэ раней на працягу амаль шасці гадоў працаваў начальнікам тэрмагальванічнага цэха ААТ «БЕЛАЗ». Працоўны шлях Сяргея Нікіфаровіча таксама пачынаўся на БЕЛАЗе, куды пасля заканчэння Беларускай дзяржаўнай палітэхнічнай акадэміі ён прыйшоў працаваць майстрам вытворчага ўчастка тэрмагальванічнага цэха.