0%

У гонар герояў працы: два імянныя 240-тонныя «БЕЛАЗы» прыступілі да працы ў Міхайлаўскім ГАКе

3 августа 2020

Новости

На Міхайлаўскім горна-абагачальным камбінаце імя А.У. Варычава (кампанія «Металаінвест», Курская вобласць, Расійская Федэрацыя) прыступілі да працы першыя ў гісторыі прадпрыемства 240-тонныя кар'ерныя самазвалы БЕЛАЗ-75313. Двум самым вялікім самазвалам МГАКа прысвоены імёны ганаровых ветэранаў камбіната Івана Зайцава і Івана Надзеіна.

Новыя «БЕЛАЗы» МГАКа ўдастоены імёнаў ганаровых ветэранаў прадпрыемства.

Такім чынам камбінат працягнуў традыцыю ўшанавання герояў працы і падтрымаў праект ААТ «БЕЛАЗ» і яго генеральнага дыстрыб’ютара ў Расіі АТ «Гандлёвы дом «БЕЛАЗ», які стартаваў у 2020 годзе, па прысваенні імёнаў знакамітых людзей і знамянальных дат кар'ерным самазвалам «БЕЛАЗ» на горназдабываючых прадпрыемствах Расіі.

У першы рэйс «БЕЛАЗ» праводзіў ганаровы ветэран МГАКа Іван Васільевіч Зайцаў – менавіта ў яго гонар названы самазвал.

Івану Зайцаву 71 год, з іх амаль 40 гадоў ён адпрацаваў у аўтацэху, узнагароджаны медалём «За працоўную адзнаку», званнямі «Ганаровы металург», «Заслужаны работнік транспарту РФ», «Чалавек года Металаінвест».

– Калі мне сказалі, што новы «БЕЛАЗ» атрымае маё імя, я, шчыра кажучы, быў моцна здзіўлены, – прызнаўся ветэран. – Заўсёды думаў, што дамы, вуліцы ці тэхніку называюць у гонар нейкіх звышпапулярных знакамітасцяў. Вядома ж, бачыць сваё імя на прыгожай, сучаснай, магутнай машыне – вельмі прыемна.

Праводзячы свайго «цёзку»-волата ў кар'ер, Іван Васільевіч асабіста ўручыў экіпажу ключы ад «персанальнага» «БЕЛАЗа» і пажадаў працаваць дысцыплінавана, адказна і берагчы тэхніку.

Следам праз некалькі дзён перавозіць руду адправіўся і другі 240-тоннік «БЕЛАЗ», які быў названы ў гонар яшчэ аднаго заслужанага ветэрана камбіната, кавалера ордэнаў Працоўнай Славы 2-й і 3-й ступені Івана Дзмітрыевіча Надзеіна.

Яшчэ аднаму «БЕЛАЗу» прысвоена імя Івана Дзмітрыевіча Надзеіна – у падзяку за яго працу і 40-гадовы стаж на МГАКе.

Ветэран прысвяціў прафесіі вадзіцеля больш за 40 гадоў, пачынаў працаваць на 27-тонных «БЕЛАЗах», затым – на 40-тонных, пазней узначальваў брыгаду вадзіцеляў самазвалаў. Іван Дзмітрыевіч з захапленнем адзначыў, што сучасная кар'ерная тэхніка стала больш магутнай і камфартабельнай, і пажадаў экіпажу імяннога «БЕЛАЗа» поспехаў.

– Для нас важна працягваць працоўныя традыцыі, – запэўніў вадзіцель новага «БЕЛАЗ» Андрэй Вашчанкаў. – Знаходзіцца за рулём імяннога самазвала – гэта вялікі гонар для нас.

Жалезнагорскія гарнякі па заслугах ацанілі надзейнасць, функцыянальнасць і камфортнасць новых беларускіх цяжкавагавікоў. 240-тоннікі серыі БЕЛАЗ-7531 валодаюць пашыраным функцыяналам, паліўнай эканамічнасцю, плаўнасцю ходу і ўстойлівасцю на дарозе. Дызельны рухавік з электронным кіраваннем забяспечвае высокую ўдзельную магутнасць, а адпаведна, і хуткасць самазвала на ўздыме. Бартавы камп’ютар кантралюе ўсе параметры працы машыны.

– Новыя «БЕЛАЗы» адрозніваюцца магутным рухавіком ў 2 500 конскіх сіл, узмоцненай літымі элементамі канструкцыяй рамы і найноўшым праграмным забеспячэннем. Самазвалы аптымальныя для выканання задач па перавозцы горнай масы ва ўмовах жалезаруднага кар'ера, распавёў галоўны інжынер аўтатрактарнага кіравання МГАКа Сяргей Рагожкін.

Асаблівая ўвага ў самазвалах БЕЛАЗ-75313 нададзена бяспецы працы аператара. Кузаў з пярэднім брылём цалкам закрывае тэхналагічную пляцоўку і кабіну, абараняючы ад пападання абломкаў горнай пароды. 240-тонная машына абсталявана сістэмай бяспекі ROPS / FOPS, а таксама сістэмамі аўтаматычнага пажаратушэння, кантролю ціску ў шынах, відэаагляду, каменевыштурхальнікамі і прыладай сігналізацыі пра набліжэнне да высакавольтнай лініі.

Супрацоўніцтва БЕЛАЗа з Міхайлаўскім ГАКам налічвае не адзін дзясятак гадоў і паспяхова развіваецца не толькі ў плане пастаўкі тэхнікі, але і іншых ўзаемавыгадных сувязяў. Аснову парку тэхналагічнага транспарту жалезнаруднага кар'ера МГАКа складаюць кар'ерныя самазвалы «БЕЛАЗ» грузападымальнасцю ад 130 да 240 тон.

Фота прэс-службы МГОКа