0%

Віртуознае ваджэнне «БЕЛАЗаў» на юбілеі РУВП «Граніт»

20 октября 2020

Новости

Першы чэмпіянат РУВП «Граніт» па фігурным ваджэнні на кар’ерных самазвалах «БЕЛАЗ» прайшоў 17 кастрычніка ў Мікашэвічах у рамках святкавання 45-гадовага юбілею прадпрыемства.

У чэмпіянаце прынялі ўдзел 16 аператараў «БЕЛАЗаў»: адна васьмёрка дэманстравала майстэрства на на 90-тонным кар’ерным самазвале, а другая – на 60-тонным.

Кар’ер «Мікашэвічы» – самы буйны ў Еўропе кар’ер па здабычы граніту (даўжыня – 2,76 км, шырыня – 1,77 км, глыбіня – 150 м). Радовішча адкрыта ў 1963 годзе, прамысловая здабыча будаўнічага каменя пачата ў 1973 годзе. Распрацоўку кар’ера вядзе Рэспубліканскае ўнітарнае вытворчае прадпрыемства «Граніт» (РУВП «Граніт»).

У выніку чэмпіёнамі па фігурным ваджэнні на кар’ерных самазвалах «БЕЛАЗ» сталі тыя вадзіцелі, якія хутчэй за іншых пераадолелі трасу з чатырма заліковым практыкаваннямі: «загрузка пароды», «васьмёрка», «змейка» і «выгрузка горнай пароды». У падліку балаў улічвалася таксама і тэарэтычная падрыхтоўка аператараў.

БЕЛАЗ і «Граніт» звязваюць даўнія і цесныя партнёрскія адносіны. Мікашэвіцкае прадпрыемства з’яўляецца найбуйнейшым у Беларусі спажыўцом прадукцыі ААТ «БЕЛАЗ». Па серпантыне тэхналагічных дарог унікальнага беларускага кар’ера прыродны камень на драбільна-сартавальны завод перавозяць больш за 60 кар’ерных самазвалаў «БЕЛАЗ». Не так даўно тут пачалі працаваць першыя кар’ерныя самазвалы БЕЛАЗ-75581 з электрамеханічнай трансмісіяй зменнай-пераменнага току – гэта першыя 90-тонныя машыны такой камплектацыі, што эксплуатуюцца ў Беларусі. Парк белазаўскай тэхнікі РУВП «Граніт» складаюць кар’ерныя самазвалы грузападымальнасцю 32, 50, 55, 60 і 90 тон, а таксама спецтэхніка.