0%

Змагары з пылам кар’ераў: паліваарашальныя машыны «БЕЛАЗ»

18 мая 2020

Новости

Беларускі аўтамабільны завод у мінулым годзе паставіў першыя паліваарашальныя машыны БЕЛАЗ-76135 ва Украіну, адкрыўшы тым самым новы рынак збыту для гэтай спецтэхнікі. За час эксплуатацыі яна зарэкамендавала сябе як надзейная і незаменная памочніца гарнякоў. У выніку цяпер толькі ў кар’ерах Паўночнага ГАКа (Група Метінвест, Крывы Рог) з пылавымі бурамі змагаюцца дзевяць самых сучасных пылаборцаў – БЕЛАЗ-76135 і БЕЛАЗ-76473.

У Першамайскім і Аноўскім кар’ерах Паўночнага ГАКа шэсць гідраманітораў БЕЛАЗ-76135 з ёмістасцю цыстэрнаў 119 кубаметраў, магутнымі помпамі і пашыранай зонай паліву да 60 метраў упэўнена выконваюць мерапрыемствы Крыварожскай экалагічнай праграмы па кар’ерным пылападаўленні ў складаных горнатэхнічных умовах.

Беларуская машына спецпрызначэння з цыстэрнай, аб’ём якой сувымерны з невялікім возерам, эфектыўна арашае без дазапраўкі пяці-васьмікіламетровыя ўчасткі экскаватарных забояў і унутрыкар’ерных магістраляў. Дзякуючы сваёй дальнабойнасці «БЕЛАЗы» накрываюць магутным вертыкальным струменем з лафетнага ствала адначасова да чатырох гарызонтаў, уключаючы самыя маладаступныя месцы разрэзаў.

Тры паліваарашальнікі паменш – БЕЛАЗ-76473 з 32-кубовай цыстэрнай – валодаюць веернай сістэмай арашэння, якая стварае на адкрытых радовішчах сапраўдны рукатворны дождж. Ззаду і зверху цыстэрны зманціравана разгалінаваная сістэма трубаправодаў з адмысловымі насадкамі, што распыляюць ваду ва ўсе бакі. Такое абсталяванне забяспечвае якаснае арашэнне паверхняў з шырынёй зоны паліву больш за 24 м, падаўляючы тым самым ўсюдыісны пыл.

У кар’ерах Паўночнага ГАКа гэты спецтранспарт абслугоўвае кар’ерныя шляхі, а таксама рэгулярна напаўняе рэзервуары вадой, у тым ліку і ёмістасці буравых станкоў.

Увесну і ўлетку паліваарашальныя работы на тэхналагічных дарогах і прампляцоўках камбіната вядуцца кругласутачна. За дзень «БЕЛАЗы»-пылаборцы расходуюць звыш 3,5 тысячы кубаметраў вады для арашэння забояў і дарог у некалькі этапаў. Пры неабходнасці, дарэчы, паліваарашальнікі «БЕЛАЗ» могуць выкарыстоўвацца і як пажарныя машыны, дзякуючы ўсталяванай на іх сістэме пажаратушэння з дыстанцыйным уключэннем.

«Для выканання экалагічных мерапрыемстваў па барацьбе з пылам на Паўночным ГАКе камбінат цалкам абнавіў парк паліваарашальных машын. Акрамя выдатных тэхнічных характарыстык, плюсы спецтэхнікі «БЕЛАЗ» у зручнасці выкарыстання і камфортных умовах працы для вадзіцеляў», – падкрэслівае генеральны дырэктар Паўночнага ГАКа Андрэй Скачкоў.

Сучасныя паліваарашальныя машыны маркі «БЕЛАЗ» не толькі надзейныя, эканамічныя і эфектыўныя ў розных кліматычных умовах пры адкрытых распрацоўках карысных выкапняў, але і зручныя ў абслугоўванні, адказваюць усім патрабаванням прамысловай бяспекі і аховы працы. Беларуская спецтэхніка паспяхова павышае бяспеку транспартных работ у кар’ерах горнарудных прадпрыемстваў Узбекістана, Расіі, Украіны, Казахстана, Марока, Балгарыі, Зімбабвэ, Манголіі і іншых краін.