Барацьба з кантрафактам: вопыт БЕЛАЗа

20 ноября 2019

Новости

Прадстаўнікі БЕЛАЗа прынялі ўдзел у VII Міжнародным форуме «Антыкантрафакт 2019», які быў прысвечаны праблемам супрацьдзеяння незаконнаму абароту прамысловай прадукцыі, у тым ліку абароны правоў інтэлектуальнай уласнасці і прайшоў з 12 па 13 лістапада ў Ерэване (Арменія)

У межах форуму адбыліся пленарныя пасяджэнні, працавалі тэматычныя секцыі, на адной з якіх прадстаўнікі ААТ «БЕЛАЗ» падзяліліся з калегамі сваімі напрацоўкамі ў барацьбе з кантрафактам, завастрыўшы ўвагу на ўваходным кантролі запасных частак у канцавога спажыўца як спосабе барацьбы з кантрафактнай прадукцыяй.

Памочнік генеральнага дырэктара ААТ «БЕЛАЗ» па рэжыме і эканамічнай бяспецы Андрэй Чынкін распавядае аб вопыце ААТ «БЕЛАЗ» удзельнікам Міжнароднага форуму «Антыкантрафакт 2019»

БЕЛАЗ даўно і паспяхова вядзе актыўную працу па выяўленні кантрафакту і абароне гандлёвага знаку «БЕЛАЗ» (далей ГЗ).

Права выключнага карыстання ГЗ «БЕЛАЗ» было набыта вытворцам беларускай кар’ернай тэхнікі ў 1963 годзе, а ГЗ «BELAZ» – у 1991-м. ГЗ «БЕЛАЗ» і «BELAZ» зарэгістраваныя ў Рэспубліцы Беларусь і ў 42 замежных краінах. Для інфармавання спажыўцоў на знешнім сайце прадпрыемства размешчаны актуальны пералік арганізацый, якія незаконна выкарыстоўваюць у сваёй назве зарэгістраваны ГЗ «БЕЛАЗ» альбо рэалізуюць неарыгінальныя запасныя часткі і аналагі, якімі вытворца не рэкамендуе карыстацца. У гэтым пераліку сёння 280 арганізацый з указаннем іх назвы, ідэнтыфікацыйнага нумара і юрыдычнага адраса.

Уваходны кантроль запасных частак у канцавога спажыўца, мерапрыемствы па якому праводзяцца з ліпеня 2018 года, з’яўляецца эфектыўным спосабам барацьбы з кантрафактнай прадукцыяй. Для правядзення якаснага агляду запасных частак, якія маюць прызнакі кантрафакту, перадачы ў праваахоўныя органы і канцавым спажыўцам даведак-даследванняў створана пастаянна дзеючая працоўнай група з працаўнікоў прадпрыемства, якія валодаюць ведамі тэхналагічных і канструктыўных асаблівасцей, характарыстык і спажыўных уласцівасцей прадукцыі, якую вырабляе ААТ «БЕЛАЗ».

У апошні час уваходны кантроль праводзіўся на прадпрыемствах горна-металургічнага комплексу Прыморскага, Забайкальскага і Краснаярскага краю, Рэспублікі Хакасія, Навасібірскай, Кемераўскай, Архангельскай, Ліпецкай, Белгарадскай абласцей Расійскай Федэрацыі.

У пастаянным рэжыме праводзіцца маніторынг электронных гандлёвых пляцовак на прадмет размяшчэння цэнавых прапановаў запасных частак да кар’ерных самазвалаў з далейшым паведамленнем канцавым спажыўцам аб магчымым набыцці кантрафактных вузлоў і дэталей.

Распрацаваны і ўкаранёны сертыфікат якасці на запасныя часткі да кар’ерных самазвалаў з некалькімі ступенямі абароны ад падробкі, які з’яўляецца бланкам строгай справаздачнасці і друкуецца на прадпыемствах Дзяржзнаку. Да гэтага часу няма сведчанняў аб спробах поўнай падробкі дадзенага сертыфіката.

Важным аспектам правядзення мерапрыемстваў з канцавымі спажыўцамі з’яўляецца рашэнне кіраўніцтва вядучых расійскіх горнапрамысловых холдынгаў аб унясенні сведчанняў аб недобрасумленнасці арганізацый, выкрытых у пастаўках кантрафактнай прадукцыі, ва ўласныя рэестры недобрасумленных пастаўшчыкоў для ўсіх прадпрыемстваў, якія ўваходзяць у дадзеныя холдынгі.

Выступаючы на форуме «Антыкантрафакт 2019», Андрэй Чынкін, памочнік генеральнага дырэктара ААТ «БЕЛАЗ» па рэжыме і эканамічнай бяспецы, адзначыў, што самым галоўным і істотным вынікам праведзеных мерапрыемстваў з’яўляецца пераход канцавых спажыўцоў на закупку запасных частак да кар’ерных самазвалаў у афіцыйных дылераў з узгадненнем аб’ёмаў і наменклатуры на працяглы перыяд часу.

У сувязі з праведзенымі комплекснымі мерапрыемствамі многія кампаніі на рынку па рэалізацыі кантрафактнай прадукцыі знаходзяцца ў працэсе банкруцтва, сустрэчных іскаў адзін да аднаго з-за адмовы канцавых спажыўцоў працягваць супрацоўніцтва з дадзенымі арганізацыямі, а таксама аплочваць ужо пастаўленую кантрафактную прадукцыю.

Для даведкі. Форум «Антыкантрафакт» – цэнтральная дыскусійная пляцоўка ў межах Еўразійскага эканамчнага саюза (ЕАЭС), дзе прадстаўнікі міністэрстваў і ведамстваў дзяржаў-членаў ЕАЭС, кіраўнікі буйных кампаній і арганізацый, вядучыя міжнародныя эксперты ў гэтай галіне, прадстаўнікі навукі і грамадства маюць магчымасць абмеркаваць праблемы абароны рынкаў ад незаконнага абароту прамысловай прадукцыі, у тым ліку кантрафактнай і фальсіфікаванай, забеспячэння правоў абароны інтэлектуальнай уласнасці, а таксама ўступіць у канструктыўны дыялог і выпрацаваць сумесныя рашэнні ў мэтах фармавання цывілізаванага рынку тавараў і паслугаў.