БЕЛАЗ атрымаў падтрымку ЕАБР для рэалізацыі новых праектаў

2 декабря 2019

Новости

Беларускі аўтамабільны завод і Еўразійскі банк развіцця супрацоўнічаюць ужо на працягу пяці гадоў. За гэты час было рэалізавана некалькі значных праектаў, якія спрыялі павелічэнню аб’ёмаў вытворчасці і аб’ёмаў рэалізацыі прадукцыі беларускага вытворцы кар’ернай тэхнікі.

Сумесная праца БЕЛАЗа і ЕАБР садзейнічае пашырэнню гандлёва-эканамічных сувязей і развіццю інтэграцыйных працэсаў на еўразійскай прасторы.

29 лістапада ў Маскве на XIV Міжнароднай канферэнцыі «Еўразійская эканамічная інтэграцыя» ААТ «БЕЛАЗ» і Еўразійскі банк развіцця падпісалі крэдытную дамову на 50 млн еўра.


Частка крэдытнага фінансавання пойдзе на інвестыцыйную дзейнасць БЕЛАЗа (зусім нядаўна на прадпрыемстве быў завершаны чарговы маштабны інвестыцыйны праект – запушчаны высокатэхналагічны рабатызаваны комплекс афарбоўкі дэталяў і вузлоў кар’ернай тэхнікі «БЕЛАЗ» вялікай і асабліва вялікай грузапад’ёмнасці). Іншая частка будзе накіраваная на вырашэнне пытанняў, якія звязаны з кантрактам па пастаўцы белазаўскай тэхнікі ў дальняе замежжа. У прыватнасці, на выкананне кантракта па пастаўцы ўжо ў наступным годзе 77 кар’ерных самазвалаў БЕЛАЗ-75137 грузапад’ёмнасцю 136 метрычных тон у адрас індыйскай кампаніі Coal India Limited – буйнейшай вуглездабывальнай кампаніі свету.

Генеральны дырэктар ААТ «БЕЛАЗ» Пётр Пархомчык і старшыня кіравання Еўразійскага банка развіцця Андрэй Бельянінаў на падпісанні дамовы