«БЕЛАЗы» для АТ «Междуречье»

9 декабря 2019

Новости

На разрэз «Междуреченский» аднаго з буйнейшых у Кузбасе прадпрыемстваў адкрытай здабычы вугалю АТ «Междуречье» (уваходзіць у групу «Сибуглемет») паставяць 24 кар’ерныя самазвалы “БЕЛАЗ” грузапад’ёмнасцю 130 і 220 тон.

Кар’ерныя самазвалы БЕЛАЗ-75306 і БЕЛАЗ-75131 даставяць у горад Междурэчанск Кемераўскай вобласці некалькімі партыямі да чэрвеня 2020 года. Першыя пяць 220-тонных самазвалаў у пачатку лістапада ўжо паступілі ва ўпраўленне аўтранспарту АТ «Междуречье», зараз адбываецца іх зборка.

Самазвал БЕЛАЗ-75306 у АТ «Междуречье»

«Збіраем як канструктар, – кажуць працаўнікі разрэза. – Спачатку брыгада слесараў выконвае мантаж буйных вузлоў на шасі. Паступова з асобных вузлоў і агрэгатаў складваецца велізарная, моцная машына. Маштабы ўражваюць! Усе ў справе! Затым у боксе першай аўтакалоны на сабраныя машыны манціруецца навясное абсталяванне, усталёўваюцца і падлучаюцца сілавыя кабелі. Праца ідзе зладжана, якасна, без аніякіх замаруджанняў. Таму што ёсць мэта: выпусціць новую тэхніку на гару як мага хутчэй. І кожны для гэтага ўносіць сваю пасільную лепту ў агульную справу».

У цяперашні час у рознай стадыі гатоўнасці чатыры самазвалы. Па плане – першыя беларускія 220-тоннікі пачнуць працаваць на разрэзе ўжо ў снежні гэтага года. За руль новай тэхнікі сядуць вадзіцелі, у якіх за плячыма сур’ёзны вопыт працы.

Начальнік кіравання аўтатранспарту дырэкцыі па вытворчасці АТ «Междуречье» Сяргей Галубцоў адзначае: “Сучасная тэхніка паступае напапярэдадні 55-годдзя нашага разрэза «Междуреченский». Выдатны падарунак да прыгожай юбілейнай даты!”

Усяго ў АТ «Междуречье» на дадзены момант эксплуатуецца каля 80 адзінак кар’ерных самазвалаў “БЕЛАЗ”: 130- і 220-тонныя машыны, вуглявозы БЕЛАЗ-75131-04.