0%

«БЕЛАЗы», створаныя для суровых умоў працы ля палярнага круга

22 февраля 2021

Новости

На прамысловыя пляцоўкі АТ «Алкон», якое ўваходзіць у горназдабыўны дывізіён ПАТ «Северсталь», у Мурманскай вобласці прыбылі два новыя кар'ерныя самазвалы «БЕЛАЗ» грузападымальнасцю 130–136 тон.

АТ «Алкон» з’яўляецца самым паўночным у Расіі вытворцам жалезаруднага канцэнтрату і распрацоўвае радовішчы жалезістых кварцытаў Заімандраўскага жалезаруднага раёна, размешчаныя ў наваколлях горада Аленягорск на Кольскім паўвостраве. У двухстах кіламетрах ад палярнага круга на Аленягорскім ГАКу «БЕЛАЗы» дапамагаюць нарошчваць аб’ёмы здабычы жалезнай руды.

Новая кар’ерная тэхніка «БЕЛАЗ» паступіла на прадпрыемства ў рамках рэалізацыі інвестыцыйнай праграмы абнаўлення парку горнатранспортнага комплексу

У рамонтным боксе Камсамольскага кар’ера Аленягорскага ГАКа спецыялісты ўжо прыступілі да зборкі першага самазвала. Плануецца, што новы 130-тоннік серыі БЕЛАЗ-7513 выйдзе на лінію ў канцы лютага. Затым на асноўнай прампляцоўцы горна-абагачальнага камбіната пачнуць збіраць другую машыну.

Незаменны, надзейны і трывалы памочнік ў кар’еры – так кажуць гарнякі «Алкона» пра «БЕЛАЗ»

Асаблівасцю эксплуатацыі тэхнікі ў гэтым паўночным рэгіёне з’яўляюцца выключна складаныя горна-геалагічныя і горнатэхнічныя ўмовы, а таксама суровы клімат. У такіх рэаліях горназдабычы на «Алконе» робяць стаўку на «БЕЛАЗы», бо высокія эксплуатацыйныя характарыстыкі беларускіх кар’ернікаў забяспечваюць надзейнасць працы і нізкі ўзровень выдаткаў на абслугоўванне.

Цікава, што шасі № 1 доследнага ўзору кар’ернага самазвала БЕЛАЗ-75131 у канцы мінулага стагоддзя, у 1998 годзе, было пастаўлена менавіта сюды, на Аленягорскі ГАК. З часам 130-тоннікі цалкам змянілі сваіх папярэднікаў на камбінаце – «БЕЛАЗы» грузападымальнасцю 120 тон.

Кар’ерны самазвал БЕЛАЗ-75139 у кар’еры АТ «Алкон»

У цяперашні час на перавозцы горнай масы ў кар’ерах кампаніі «Алкон» выкарыстоўваюцца некалькі дзясяткаў кар’ерных самазвалаў серыі БЕЛАЗ-7513 і спецтэхнікі «БЕЛАЗ».

«БЕЛАЗы» серыі 7513 – надзейная, правераная часам кар’ерная тэхніка, якая дазваляе развіваць ужо існуючыя і распрацоўваць новыя перспектыўныя праекты, якія патрабуюць ад здабыўных кампаній павелічэння парку тэхналагічнага транспарту і аснашчэння яго новымі высокапрадукцыйнымі машынамі.