На новыя рынкі – з новымі мадэлямі «БЕЛАЗаў»

16 ноября 2019

Новости

Укараненне самых сучасных тэхналогій, вывераная маркетынгавая палітыка дазваляюць БЕЛАЗу ўпэўнена рухацца наперад. Так, з пачатку года каля 93 % рэалізаванай ААТ «БЕЛАЗ» прадукцыі пастаўлена на экспарт.

Па выніках дзесяці месяцаў працы прадукцыя прадпрыемства пастаўлена ў 26 краін свету. У ліку спажыўцоў белазаўскай тэхнікі – горназдабываючыя кампаніі Узбекстана, Украіны, Польшчы, Казахстана, Манголіі, Балгарыі, Расіі, Босніі і Герцагавіны, Інданезіі, Эстоніі, Чылі, Сербіі, Філіпін, Алжыру і іншых краін.

Доля машын асабліва вялікай грузапад’ёмнасці (кар’ерныя самазвалы ад 90 тон і вышэй, спецтэхніка) у агульным аб’ёме рэалізацыі прадукцыі прадпрыемства па выніках дзесяці месяцаў 2019 года склала 64,7 %.

Сярэдняя грузапад’ёмнасць самазвала адпавядае 124 тонам, у той час як за аналагічны перыяд 2018-га і агулам за ўвесь год гэты паказчык быў на ўзроўні 120 тон.

Лідзіруюць у агульным аб’ёме адгрузкі студзеня-кастрычніка 2019 года 110–130-тонныя кар’ерныя самазвалы (26 %), а самай папулярнай мадэллю з’яўляецца БЕЛАЗ-75131, затым ідуць 220–240-тоннікі (25 %) і 45-тоннікі (12 %). Сумарная доля дадзеных класаў грузапад’ёмнасці складае 63 %.

Новы самазвал «БЕЛАЗ» грузапад’ёмнасцю 130 тон у кар’еры «Первомайский» Паўночнага горна-ўзбагачальнага камбіната (Група Метінвест, Украіна)

Шматлікія горназдабываючыя прадпрыемствы папоўнілі свае паркі тэхнікі новымі для іх мадэлямі кар’ерных самазвалаў і спецтэхнікі «БЕЛАЗ», што з’яўляецца бясспрэчным доказам даверу да брэнда вядучых гульцоў сусветнага горназдабываючага рынку.

Кар’ерны самазвал БЕЛАЗ-75313 грузапад’ёмнасцю 240 тон у Качканарскім горна-ўзбагачальным камбінаце (ЕВРАЗ)

Так, Украіна стала новым рынкам для збыту паліваарашальных машын БЕЛАЗ-76135; 90-тонныя БЕЛАЗ-75583 сталі новай мадэллю для рынку Узбекістана; 220-тонныя БЕЛАЗ-75307 – новы клас грузапад’ёмнасці для АТ «ССГПО» (Казахстан) і новая мадэль для «Сибантрацита»; 240-тонныя БЕЛАЗ-75313 – новы клас грузапад’ёмнасці белазаўскай тэхнікі для ЕВРАЗ; руднік «Восточный» (АТ «Апатит») і Каўдорскі ГУК упершыню закупілі самазвалы грузапад’ёмнасцю 180 тон. Заслугоўвае ўвагі і той факт, што пасля 8-гадовага перапынку ўзнавіліся пастаўкі белазаўскай тэхнікі ў Чылі, куды адправіліся самазвалы БЕЛАЗ-75581, і рынак гэтай лацінаамерыканскай краіны стаў, такім чынам, новым для серыі 90-тонных кар’ерных самазвалаў «БЕЛАЗ».