Навагодні маршрут дабра і цудаў па сусвеце БЕЛАЗа

5 декабря 2019

Новости

“Бязмежны палёт крэатыву і фантазіі!” – пад такім дэвізам на Беларускім аўтамабільным заводзе пройдуць навагоднія экскурсіі для юных наведвальнікаў прадпрыемства з 16 снежня па 5 студзеня. Беларускіх школьнікаў і іх замежных аднагодкаў будуць гасцінна сустракаць з арыгінальнай забаўляльна-пазнавальнай праграмай “Новы год: БЕЛАЗ АНЛАЙН”.

Гэтай зімою сюрпрызаў і інтэрактыву будзе яшчэ болей!

Гасцей прадпрыемства чакаюць дзіўныя навагодне-самазвальныя прыгоды ў сусвеце БЕЛАЗа. Рабяты адправяцца па ўнікальным маршруце дабра і цудаў, дзе даведаюцца пра гісторыю зараджэння і стварэння тэхнікі сусветна вядомай маркі “БЕЛАЗ”, дакрануцца да легендарнага “Ключа жаданняў”, адчуюць сябе Дзюймовачкамі і Хлопчыкамі з пальчык побач з кар’ернымі самазваламі-гігантамі, наведаюць калыску жоўта-сініх волатаў – зборачны ўчастак вытворчасці звышцяжкіх машын, убачаць легендарны 450-тонны цуд-самазвал і весела паводзяць карагоды ля галоўнай заводскай ёлкі.

На адной хвалі святочнага настрою з рабятамі будуць навагоднія героі белазаўскай казкі –сучасны Дзядуля Мароз, Снягурка, Баба Марозава і яе памочнік Снаўмэн. Гэтая каларытная каманда ператворыць візіт на БЕЛАЗ у сапраўднае чараўніцтва з дзіўнымі сюрпрызамі, прыкольнымі гульнямі, цікавымі конкурсамі і загадкамі, фірмовымі пачастункамі і падарункамі. Так што ўсе наведвальнікі БЕЛАЗа павязуць з сабой цэлую торбу пазітыўных эмоцый, незабыўных уражанняў і новых ведаў пра кар’ерную тэхніку і сучасныя тэхналогіі.

Падарыце дзецям казку, і няхай мары здзяйсняюцца!

Падобныя святочныя праекты ў межах развіцця прамысловага турызму рэалізуюцца на БЕЛАЗе ўжо чацвёрты год запар і здабылі за гэты час вялікую папулярнасць у дзятвы, бацькоў і настаўнікаў.

Экскурсіі праводзяцца па папярэднім запісе.
Атрымаць падрабязную інфармацыю і запісацца на ўнікальную экскурсійную праграму “Новы год: БЕЛАЗ АНЛАЙН” вы можаце па тэлефонах: +375 1775-27272; +375 44-5660472 ці праз e-mail: tur@belaz.minsk.by