Навінкі для працы ў шахтах вырабу БЕЛАЗа

12 ноября 2019

Новости

У 2019 годзе філіял ААТ «БЕЛАЗ» у Магілёве прадставіў шэраг навінак, адна з якіх – машына пагрузачна-даставачная МААЗ-4035 грузапад’ёмнасцю (г/п) 7 тон – ужо распачала працу ва Узбекістане.

Новая машына пагрузачна-даставачная МААЗ-4035 грузапад’ёмнасцю 7 тон

7-тонная пагрузачна-даставачная машына МААЗ-4035 паспяхова прайшла выпрабаванні на палігоне ў Жодзіне, пасля чаго пагрузчык адправіўся працаваць на Алмалыкскі горна-металургічны камбінат. Для аказання тэхнічнай дапамогі туды паехалі і спецыялісты прадпрыемства. Плануецца пастаўка МААЗ-4035 і на Курскую магнітную анамалію (Расійская Федэрацыя, горад Губкін). Зараз на прадпрыемстве ідзе зборка яшчэ дзвюх машын гэтай серыі.

Апрача новага пагрузчыка яшчэ некалькі машын для працы ў шахтах пацвердзілі заяўленыя характарыстыкі. Сярод іх самазвалы МААЗ-75830 (г/п 30 тон) і МААЗ-75851 (г/п 50 тон).

Новае пакаленне шахтных самазвалаў «МААЗ» гэтых серый істотна адрозніваецца ад «падземнікаў», што ўжо выпускаюцца, перш за ўсё па кампаноўцы, габарытных памерах і камплектуючых.

Падземны самазвал МААЗ-75830 грузапад’ёмнасцю 30 тон

Асаблівая ўвага нададзена стварэнню камфортных умоў працы аператара. На машынах усталявана цэльнаметалічная шумавібраізаляваная кабіна з палепшаным аглядам фронту працы. Кабіна абсталявана ўсімі неабходнымі кантрольна-вымяральнымі прыборамі і сістэмамі, якія дазваляюць кантраляваць асноўныя параметры самазвала і папярэджваць сігналамі аб магчымасці надыходу аварыйных сітуацый, а таксама абсталяваная сістэмамі бяспекі FOPS і ROPS, аснашчана кандыцыянерам, сістэмай ацяплення і вентыляцыі. Аптымальныя ўмовы бачнасці дасягаюцца за кошт усталявання камер вонкавага назірання за працоўным працэсам (у пярэдняй і задняй частках самазвала).

Падземны самазвал МААЗ-75851 грузапад’ёмнасцю 50 тон

Прыярытэтны накірунак у працы філіяла ААТ «БЕЛАЗ» у Магілёве – стварэнне новых мадэлей шахтнага падземнага транспарту і ўдасканальванне прадукцыі, якая ўжо серыйна выпускаецца, каб адпавядаць запытам горназдабываючых прадпрыемстваў, з якімі Магілёўскі аўтамабільны завод звязвае шматгадовае і плённае супрацоўніцтва.