0%

Адкрыты найбуйнейшы цэнтр тэхпадтрымкі «БЕЛАЗ»

25 августа 2020

Новости

Самы буйны ў сэрвіснай інфраструктуры БЕЛАЗа цэнтр тэхнічнай падтрымкі, шосты па ліку ў Расійскай Федэрацыі, адкрыўся 24 жніўня ў Бялоўскай гарадской акрузе Кемераўскай вобласці. Адкрыццё цэнтра–- важны крок насустрач спажыўцам па падтрымцы працаздольнасці тэхнікі «БЕЛАЗ» на высокім узроўні і істотнага памяншэння эксплуатацыйных выдаткаў.

Ва ўрачыстым адкрыцці цэнтра прынялі ўдзел міністр прамысловасці Кузбаса Леанід Старасвет, міністр прамысловасці Рэспублікі Беларусь Пётр Пархомчык, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі Уладзімір Сямашка.

– У цэнтры сабраны ўсе кампетэнцыі ў галіне тэхнічнай падтрымкі, абслугоўвання і рамонту белазаўскай кар'ернай тэхнікі, якія будуць рэалізоўвацца па дакументацыі, чарцяжах, распрацаваных кампаніяй «БЕЛАЗ», што ў канчатковым рахунку гарантуе вельмі высокую якасць аднаўленчага, бягучага і гарантыйнага рамонту, – адзначыў у сваім выступе міністр прамысловасці Рэспублікі Беларусь Пётр Пархомчык.

Будаўніцтва цэнтра тэхнічнай падтрымкі, якое пачалося ў 2018 годзе, ажыццяўляў афіцыйны прадстаўнік ААТ «БЕЛАЗ» у рэгіёне – кампанія «БЕЛАЗ-24». Агульная плошча цэнтра, які будзе займацца абслугоўваннем кар'ернай тэхнікі «БЕЛАЗ», што працуе ў Кемераўскай вобласці і суседніх рэгіёнах, складае каля 15 000 квадратных метраў. Па сваіх памерах і аснашчэнні цэнтр тэхнічнай падтрымкі ў Кузбасе стаў самым буйным у сэрвіснай інфраструктуры БЕЛАЗа, акрамя таго, праект увайшоў у федэральную праграму па развіцці монагарадоў Расійскай Федэрацыі.

Ад міністэрства прамысловасці Рэспублікі Беларусь калектыву кампаніі «БЕЛАЗ-24» была ўручана ганаровая грамата за паспяховую рэалізацыю праекта па будаўніцтве Цэнтра тэхнічнай падтрымкі БЕЛАЗ у Кемераўскай вобласці – Кузбасе.

Прызначаны для аказання поўнага спектру паслуг па тэхабслугоўванні і рамонце кар'ернай тэхнікі «БЕЛАЗ» ўсіх мадэляў і класаў грузападымальнасці, цэнтр размясціўся на плошчы каля 15 тысяч квадратных метраў і складаецца з трох карпусоў – адміністрацыйнага, лагістычнага і вытворчага для рамонту вузлоў і агрэгатаў кар'ерных самазвалаў. Інфраструктура прадумана да дробязей: да прыкладу, пад'езд транспарту да цэнтра будзе ажыццяўляцца па новай тэхналагічнай дарозе, дзякуючы чаму нагрузка на дарогі агульнага карыстання не павялічыцца.

Унікальнасць цэнтра заключаецца ў тым, што ён абсталяваны поўным камплектам сучаснага спецыялізаванага абсталявання для правядзення капітальных і бягучых рамонтаў вузлоў і агрэгатаў беларускіх кар'ерных самазвалаў грузападымальнасцю 30–450 тон, рамонту гідраўлічных сістэм і электрапрывада. У лагістычным корпусе плошчай 3 158 квадратных метраў прадстаўлены шырокі асартымент арыгінальных запасных частак для «БЕЛАЗаў» і іншых камплектуючых заводаў-сумежнікаў. Асаблівая ўвага пры гэтым надаецца стварэнню аптымальных умоў – выкананню нормаў па тэмпературы, вільготнасці, вентыляцыі. Галоўная задача – забяспечыць магчымасць для правядзення ў самыя кароткія тэрміны ўсіх відаў рамонту кар'ернай тэхнікі маркі «БЕЛАЗ» і зрабіць працэс узаемадзеяння са спажыўцамі максімальна зручным.

Адміністрацыйны корпус цэнтра плошчай 4 015 квадратных метраў уключае ў сябе не толькі кабінеты інжынерна-тэхнічнага персаналу, хімічную лабараторыю і працоўныя зоны падраздзяленняў, але і ўсю неабходную для эфектыўнай дзейнасці інфраструктуру (сталовую, медыцынскі пункт, пункт аховы). На базе цэнтра размешчаны і навучальныя класы, дзе будуць праходзіць падрыхтоўка спецыялістаў, курсы павышэння кваліфікацыі для работнікаў галіны, практычныя заняткі для студэнтаў профільных навучальных устаноў рэгіёну.

Новы Цэнтр тэхнічнай падтрымкі БЕЛАЗ увойдзе ў лік самых буйных працадаўцаў і падаткаплацельшчыкаў горада Бялова. Яго запуск забяспечыць працоўныя месцы для 278 жыхароў рэгіёну, а аб'ём падатковых паступленняў да 2028 года павінен перавысіць суму ў 750 млн расійскіх рублёў. Паводле ацэнкі спецыялістаў ААТ «БЕЛАЗ», цэнтр зможа выйсці на праектную магутнасць ужо ў 2022 годзе.

У гонар гэтай знакавай падзеі была адкрыта памятная кедравая «Алея дружбы», якая стала відавочным увасабленнем плённага супрацоўніцтва!

Вырашальным фактарам пры выбары спажыўцом кар'ернай і спецыяльнай тэхнікі з'яўляецца тое, якую падтрымку абяцае вытворца пасля продажу свайго прадукта. Гэта асабліва важна ў тых галінах, дзе паломка азначае немагчымасць выкарыстання прадукта па яго прамым прызначэнні або перашкаджае гэтаму. БЕЛАЗ як вядучы вытворца кар'ерных самазвалаў прапануе шырокі выбар якасных сэрвісных паслуг, валодаючы шырокай сеткай сучасных сертыфікаваных сэрвісных цэнтраў і пастаянна ўкараняючы інавацыйныя падыходы і метады.

Зручнае геаграфічнае размяшчэнне цэнтра ўздоўж галоўнай транспартнай магістралі Кемераўскай вобласці, якая злучае два найбуйнейшых горада Кузбаса – Кемерава і Навакузнецк, робіць яго максімальна даступным для ўстаноў, якія эксплуатуюць беларускую кар’ерную тэхніку.

Будаўніцтва і ўвод у эксплуатацыю Цэнтра тэхнічнай падтрымкі БЕЛАЗа ў Кузбасе – важны этап у гісторыі шматгадовага партнёрства Кузбаса і Беларускага аўтамабільнага завода.