0%

БЕЛАЗ – адна з пляцовак форуму моладзі Міншчыны

9 октября 2020

Новости

Беларускі аўтамабільны завод 9 кастрычніка сустракаў вялікую дэлегацыю моладзі – удзельнікаў адной з выязных секцый Мінскага абласнога маладзёжнага форуму «Беларусь – гэта мы!».

Знаёмства моладзі Мінскай вобласці з БЕЛАЗам – прадпрыемствам, якое мае сусветную вядомасць і з’яўляецца візітнай карткай нашай краіны, прайшло ў рамках аднаго з напрамкаў форуму – «Эканоміка, прамысловасць, фінансы». Даведацца пра сённяшні дзень і перспектывы развіцця гіганта айчыннага машынабудавання, аб маладзёжнай палітыцы прадпрыемства і ініцыятывах маладых белазаўцаў, а таксама ўбачыць на свае вочы, дзе нараджаецца знакаміты сусветны брэнд, маладзёжным актывістам Міншчыны было вельмі цікава і пазнавальна.

Моладзь на Беларускім аўтамабільным заводзе разглядаюць як важнейшы стратэгічны рэсурс прадпрыемства. Сёння тут працуе каля дзвюх з паловай тысяч белазаўцаў ва ўзросце ад 18 да 31 года. На працягу ўжо многіх гадоў рэалізуецца карпаратыўная праграма «Моладзь БЕЛАЗа», якая кожныя пяць гадоў змяняецца: удасканальваюцца формы работы, з’яўляюцца новыя напрамкі і праекты. Прыцягненне маладых работнікаў да вытворчых працэсаў, іх прафесійнае станаўленне і рост, падтрымка і развіццё іх ініцыятыў – усё гэта ў цэнтры пастаяннай увагі адміністрацыі завода.

Гасцям прадпрыемства распавялі пра вытворчую стратэгію БЕЛАЗа: акумулюючы інавацыі, сучасныя тэхналогіі і прафесіяналізм калектыву, прадпрыемства пастаянна абнаўляе і ўдасканальвае сваю прадукцыю, павышае канструктыўныя і эксплуатацыйныя характарыстыкі тэхнікі. Ужо цяпер БЕЛАЗ прапануе спажыўцам рабатызаваныя самазвалы і бязлюдную тэхналогію здабычы ў кар’еры, працуе над некалькімі прарыўнымі праектамі ў сегменце тэхнікі на газаматорным паліве, распрацоўвае дызель-тралейвоз і кар’ерны самазвал на цягавых акумулятарных батарэях.

Удзельнікі форуму пабывалі на ключавых аб’ектах завадскога «залатога кальца», у якое разам з музеем уваходзяць вытворчасць звышцяжкіх машын і выставачная пляцоўка тэхнікі «БЕЛАЗ». Большасць гасцей упершыню ўжывую ўбачылі кар’ерныя машыны.

Таццяна Дубоўская, горад Стоўбцы:
– Мора эмоцый ад наведвання БЕЛАЗа. Упершыню ўбачыць тэхніку такіх памераў – для мяне гэта поўнае захапленне! Прыеду ў свой горад – буду ўсім распавядаць, што мне пашчасціла пабываць на такім дзіўным заводзе. Ваша тэхніка зачароўвае. Я працую на маторным прадпрыемстве ў Стоўбцах, але такіх гордых машын-прыгажуноў раней бачыць не даводзілася. На тэрыторыі завода ўсё акуратна, чыста, вытворчасць сучасная. Дзякуй за сардэчны прыём!

Аляксандр Яцук, Нясвіжскі раён, «Гарадзейскі цукровы камбінат»:
– Так блізка падысці да сапраўднага «БЕЛАЗа» атрымалася першы раз. Здзіўлены! Яны ўражваюць сваімі маштабамі, выдатнай кіравальнасцю ды і ў цэлым функцыянальнымі магчымасцямі. Асабліва апошнія мадэлі машын. Па прадукцыі БЕЛАЗа многія пазнаюць нашу краіну. Таму дакладна заўважана, што БЕЛАЗ – гэта візітная картка Беларусі.

БЕЛАЗ уносіць значны ўклад ва ўмацаванне міжнароднага статусу і рост дабрабыту Беларусі. Сучасная тэхналагічная схема завода дазваляе выпускаць высакаякасную прадукцыю, што адпаведае самым жорсткім патрабаванням сусветнага рынку. З пачатку 2020 года прадпрыемства істотна дыверсіфікавала экспартныя пастаўкі за кошт асваення новых сегментаў рынку кар’ернай тэхнікі і павелічэння долі краін далёкага замежжа ў агульным аб’ёме адгрузкі прадукцыі, давёўшы яе да рэкордных 43 %. Прадукцыя БЕЛАЗа ў гэтым годзе пастаўлена ў 22 краіны свету, у тым ліку 15 – далёкага замежжа: Індыю, Алжыр, Манголію, Польшчу, Балгарыю, Боснію і Герцагавіну і іншыя дзяржавы. Пра гэта і многае іншае ўдзельнікам рэгіянальнага моладзёжнага форуму распавялі падчас наведвання прадпрыемства.