0%

БЕЛАЗ – Алмалыкскі ГМК: сяброўскі дыялог стратэгічных партнёраў

4 марта 2021

Новости

Топ-менеджары ААТ «БЕЛАЗ» на чале з генеральным дырэктарам кампаніі Сяргеем Нікіфаровічам з 3 па 5 сакавіка ў складзе беларускай урадавай дэлегацыі знаходзяцца з афіцыйным візітам у Рэспубліцы Узбекістан.

Беларускую дэлегацыю ўзначальвае намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Аляксандр Субоцін. У яе складзе міністр прамысловасці нашай краіны Пётр Пархомчык, кіраўнікі іншых міністэрстваў і ведамстваў, найбуйнейшых беларускіх прадпрыемстваў.

3 сакавіка дэлегацыя наведала АТ «Алмалыкскі горна-металургічны камбінат» (Ташкенцкая вобласць). Супрацоўніцтва БЕЛАЗа з АГМК, адным з найбуйнейшых горна-металургічных прадпрыемстваў Узбекістана, здаўна будуецца на прынцыпах даверу і ўзаемавыгаднага партнёрства. У выніку гэтага шматгадовага супрацоўніцтва на радовішчах стратэгічнага партнёра выкарыстоўваюцца пераважна самазвалы беларускага аўтагіганта. Толькі за апошнія месяцы 29 самазвалаў БЕЛАЗ-75307 паступілі ва ўпраўленне тэхналагічнага транспарту Алмалыкскага ГМК.

Вялікі ўклад у развіццё і падтрыманне партнёрскіх адносін БЕЛАЗа з АГМК унёс міністр прамысловасці Рэспублікі Беларусь Пётр Пархомчык у той час, калі ўзначальваў Беларускі аўтамабільны завод. Пры ім была дасягнута і дамоўленасць аб пастаўцы гэтых 220-тонных машын. У цэлым жа парк тэхнікі «БЕЛАЗ» на камбінаце складаецца з 239 адзінак.

У ходзе візіту беларуская дэлегацыя прыняла ўдзел ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця аўтамабільнага моста, які злучае цэнтральную частку горада Алмалык з прамысловай зонай. Удзельнікі дэлегацыі наведалі Палац культуры «Металург» і азнаёміліся з экспазіцыяй музея.

Наступнымі пунктамі прызначэння сталі руднік «Кальмакыр» і новае перспектыўнае радовішча «Ёшлік-I». Тут госці змаглі назіраць за вытворчым працэсам горназдабычы, а старшыня праўлення Алмалыкскага ГМК Абдула Хурсанаў распавёў беларускім партнёрам аб інвестыцыйных праектах, што рэалізуюцца кампаніяй.

Адбыліся перамовы кіраўніцтва ААТ «БЕЛАЗ» і АТ «Алмалыкскі ГМК» па пытаннях двухбаковага супрацоўніцтва, у прыватнасці, па пастаўцы новай партыі кар’ернай тэхнікі «БЕЛАЗ» асабліва вялікай грузападымальнасці для радовішча «Ёшлік-I». Кампаніі падпісалі пагадненне аб намерах і ў далейшым будуць падтрымліваць высокі ўзровень сяброўскіх адносін і ўзаемавыгаднага партнёрства, якое ідзе ў фарватары шматграннага эканамічнага супрацоўніцтва паміж Рэспублікай Беларусь і Узбекістанам.

Удзельнікі беларускай дэлегацыя на чале з намеснікам Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Субоціным прымуць удзел у 8-м пасяджэнні сумеснай міжурадавай камісіі па двухбаковым супрацоўніцтве. Праграмай візіту прадугледжана правядзенне перамоў у Кабінеце міністраў Узбекістана, міністэрствах і ведамствах, удзел у пасяджэнні Беларуска-Узбекскага дзелавога савета, наведванне сумесных прадпрыемстваў і узбекскіх кампаній, актыўна супрацоўнічаюць з партнёрамі з Беларусі. Беларуская дэлегацыя таксама наведае горад Самарканд, дзе пройдуць перамовы па пытаннях пашырэння міжрэгіянальнага супрацоўніцтва і рэалізацыі кааперацыйных праектаў.

Плённае супрацоўніцтва БЕЛАЗа і горназдабыўных прадпрыемстваў Узбекістана налічвае не адно дзесяцігоддзе. Парк кар’ернай тэхнікі «БЕЛАЗ» у гэтай цэнтральнаазіяцкай краіне налічвае каля 900 машын: гэта кар’ерныя самазвалы грузападымальнасцю ад 30 да 240 тон і спецтэхніка. Апошнія некалькі гадоў Узбекістан стабільна ўваходзіць у першую тройку знешнегандлёвых партнёраў Беларускага аўтамабільнага завода.