0%

БЕЛАЗ і белазаўцы на Minsk Triathlon 2020

31 августа 2020

Новости

На беразе Мінскага мора 30 жніўня праходзіла самая буйная гонка па трыятлоне ў Беларусі і адна з самых маштабных гонак у Еўропе – Minsk Triathlon 2020. «Залатым партнёрам» эстафеты выступіла кампанія «ШТАРК», афіцыйны дылер БЕЛАЗа ў Перу і В'етнаме, а ў спаборніцтвах беларускага вытворцу кар'ернай тэхнікі прадстаўляў трыятланіст-белазавец Аляксандр Бойка.

Генеральны канструктар – начальнік навукова-тэхнічнага цэнтра ААТ «БЕЛАЗ» Алег Сцяпук, камерцыйны дырэктар кампаніі «ШТАРК» Міхаіл Дубасаў і трыятланіст-белазавец Аляксандр Бойка на Minsk Triathlon 2020.

Сярод удзельнікаў мінскага трыятлону былі алімпійскія чэмпіёны, майстры спорту, прафесійныя спартсмены і, вядома ж, сотні трыятлетаў-аматараў. Так, прадстаўнік БЕЛАЗа электрагазазваршчык прэсавага цэха Аляксандр Бойка вырашыў выпрабаваць сваю сілу і цягавітасць на 1/8 Ironman, адной з трох дыстанцый «жалезнага» трыятлону, якая прадугледжвала плаванне на 475 м, велагонку на 22,5 км і бег на 5,25 км.

У выніку спаборніцтваў «жалезных людзей» белазаўскі трыятлет з вынікам 1 гадзіна 33 хвіліны 9 секунд заняў у агульным заліку высокае 16-е месца з 122 удзельнікаў гонкі, а ў сваёй узроставай катэгорыі сярод мужчын ад 25 да 34 гадоў Аляксандр Бойка і наогул фінішыраваў ля самага пастамента – на 4-й пазіцыі.

– Minsk Triathlon 2020 – гэта вялікае спартыўнае свята, якое аб'ядноўвае людзей розных прафесій і нацыянальнасцей. І вядома ж, спаборніцтвы – гэта незабыўныя эмоцыі, гэта адрэналін! А трыятлон – гэта адрэналін утрая, – заўважыў выканаўчы дырэктар кампаніі ТАА «ШТАРК» Сяргей Дзюбенка.

Канцэпцыя карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці, якая рэалізуецца БЕЛАЗам, мае на мэце падтрымку паўнавартаснага актыўнага адпачынку работнікаў і іх сем'яў, аздараўленне завадчан, развіццё фізкультуры і спорту. Гэта, у сваю чаргу, спрыяе станоўчаму іміджу кампаніі, станаўленню карпаратыўнай ідэнтычнасці і культуры.