0%

БЕЛАЗ пабудуе сучасны комплекс кольцараскаткі ў Оршы

26 марта 2021

Новости

ААТ «БЕЛАЗ» рэалізуе буйны інвестыцыйны праект па арганізацыі кольцараскатнай вытворчасці. Новы сучасны комплекс будзе пабудаваны на плошчах ААТ «Завод ПАК» (уваходзіць у склад холдынга «БЕЛАЗ-ХОЛДЫНГ») у Оршы.

Сёння, 26 сакавіка, быў падпісаны кантракт на пастаўку тэхналогіі і абсталявання аўтаматызаванай лініі для вырабу кальцавых нарыхтовак паміж ААТ «БЕЛАЗ» і італьянскай кампаніяй Danieli & C. Officine Meccaniche S.p.A.

У мерапрыемстве ўзялі ўдзел міністр прамысловасці Рэспублікі Беларусь Пётр Пархомчык, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Італіі ў Рэспубліцы Беларусь Марыё Джорджа Стэфана Бальдзі, выканаўчы віцэ-прэзідэнт італьянскай кампаніі-пастаўшчыка абсталявання Масіма Тоціс, генеральны дырэктар ААТ «БЕЛАЗ» Сяргей Нікіфаровіч, старшыня Жодзінскага гарвыканкама Дзмітрый Заблоцкі, першы намеснік старшыні Аршанскага райвыканкама Сяргей Пац і іншыя афіцыйныя асобы.

– За час прапрацоўкі праекта мы вельмі глыбока пагрузіліся ў сутнасць тэхналогіі кольцараскаткі. Аднак пандэмія замарудзіла яго рэалізацыю. Таму хачу падзякаваць усім спецыялістам з абодвух бакоў, якія ў такіх складаных умовах працавалі над праектам і змаглі дасягнуць неабходнага выніку. Для БЕЛАЗа гэта вялікая перамога, якая дазваляе кампаніі працягнуць сваё інвестыцыйнае развіццё. Мы зараз знаходзімся толькі ў пачатку шляху асваення гэтых вялікіх інвестыцый, але ўжо бачым сур’ёзную цікавасць да высокатэхналагічнай прадукцыі, якую атрымаем, з боку прадпрыемстваў Беларусі, Еўропы і Расійскай Федэрацыі, – адзначыў міністр прамысловасці Рэспублікі Беларусь Пётр Пархомчык.

Генеральны дырэктар ААТ «БЕЛАЗ» Сяргей Нікіфаровіч таксама падкрэсліў значнасць гэтага праекта не толькі для БЕЛАЗа, але і ў цэлым для нашай краіны, падзякаваў усім, хто меў дачыненне да падрыхтоўкі падпісання кантракта, і звярнуў увагу на складанасць праведзенай працы:  
– Кожны бок адстойваў свае погляды, дасканала прапрацоўваў усе аспекты. Мы цяжка ішлі да моманту падпісання кантракту. Але гэта не дрэнна, а нават наадварот. Прафесіяналы разам адпрацавалі ўсе магчымыя рызыкі, гэта значыць, што праект будзе паспяхова ўкаранёны ў жыццё. Нездарма ж кажуць: праз церні – да зорак. Зараз перад намі стаіць не менш важная задача – рэалізаваць усе дамоўленасці. Мы ведаем кампанію Danieli ўжо не адзін год, і ёсць абсалютная ўпэўненасць, што кантракт будзе выкананы ў поўнай меры, у неабходныя тэрміны і з патрэбнай якасцю.

Выканаўчы віцэ-прэзідэнт італьянскай кампаніі Danieli & C. Officine Meccaniche S.p.A. Масіма Тоціс са свайго боку асабліва адзначыў гасціннасць і душэўнасць, якія ён адчуў, размаўляючы з прадстаўнікамі БЕЛАЗа:
– Што тычыцца тэхнічнага боку перамоваў, то тут нават не варта шмат гаварыць, бо гаворка ідзе пра спецыялістаў самага высокага ўзроўню. Я ацаніў тое, з якой рашучасцю і мэтанакіраванасцю прадстаўнікі каманды БЕЛАЗа ставіліся да пытанняў супрацоўніцтва і партнёрства. З боку кампаніі Danieli хацеў бы запэўніць нашых партнёраў, што зробім усё магчымае, каб праект новай кольцараскатнай вытворчасці стаў дасканалым у сваім родзе.

Стварэнне новай кольцараскатнай вытворчасці дазволіць Беларускаму аўтамабільнаму заводу эфектыўна вырашаць свае пытанні па імпартазамяшчэнні, што сёння з’яўляецца адным са стратэгічных напрамкаў дзяржаўнай палітыкі Рэспублікі Беларусь. Больш за тое, прадукцыя аршанскага завода прыбораў аўтаматычнага кантролю поўнасцю забяспечыць унутраны рынак краіны, і да 30 % яе аб’ёму можа быць адпраўлена на экспарт.

Істотны і сацыяльны эфект ад рэалізацыі праекта. Будуць створаны 32 новыя працоўныя месцы, валавы дадатковы кошт на аднаго працоўнага павінен скласці 26,3 тыс. еўра, а дадатковыя штогадовыя адлічэнні ў бюджэт – больш за 5 млн еўра.

✔ Аб’ём інвестыцый (на закупку аўтаматычнай лініі) – 41,8 млн еўра.
✔ Агульная плошча блока вытворчых цэхаў з адміністрацыйна-бытавым комплексам складзе каля 26 тыс. кв. м.
✔ Гадавы аб’ём вытворчасці – не менш за 35 млн дол. ЗША
✔ Тэрмін рэалізацыі праекта: 2019–2023 гг.

Тэхнічнае начынне сучаснага комплексу кольцараскаткі дазволіць кантраляваць і кіраваць працэсам вырабу кожнай асобнай нарыхтоўкі і атрымліваць высакаякасныя кольцы пры мінімальных прыпусках пад наступную апрацоўку. Тут будуць вырабляцца нарыхтоўкі цэльнакатаных кольцаў прамавугольнага сячэння (падшыпнікі, каронныя шасцярні планетарных перадач) і профільных кольцаў са сталей розных марак. Габарытныя памеры нарыхтовак: вонкавы дыяметр – 350–3000 мм, унутраны дыяметр – 250–2960 мм, вышыня – да 400 мм. Маса нарыхтовак можа дасягаць 3 000 кілаграмаў.