0%

БЕЛАЗ ўручыў «першакласныя» ПАДАРУНКІ ДЗЕЦЯМ

27 августа 2020

Новости

Напярэдадні пачатку новага навучальнага года па старой добрай традыцыі БЕЛАЗ дапамог сабраць у школу тых з хлопцаў, хто першы раз – у першы клас.

У рамках карпаратыўнай акцыі «Добры дзень, школа, а ў будучыні – БЕЛАЗ» у Палацы культуры прадпрыемства дзецям белазаўцаў разам з фірмовымі школьнымі рукзакамі і поўным камплектам вельмі патрэбных першаклашкам прыладаў падарылі ўсмешкі і цёплыя словы пажаданняў з нагоды пачатку новага і важнага этапу ў жыцці.

– Уручэнне белазаўскіх ранцаў – гэта вельмі прыемны бонус не толькі для дзяцей, але і для нас, бацькоў. З ім значна прасцей збіраць дзіцяці ў школу, – сказала спецыяліст па мытным афармленні Ганна Мяжэвіч, дапамагаючы дачцэ Амеліі прымерыць важкі рукзак. – Ды і для сямейнага бюджэту гэта цудоўная дапамога. Пакуль яшчэ не паспелі разгледзець, што ляжыць у рукзаку, але я ўпэўненая, што там прадугледжана ўсё, што спатрэбіцца дачцэ ў першым класе.

– Для дзяцей гэта свята! – адзначыла эканаміст Алена Сакалоўская, якая прыйшла ў ДК з сынам Дзянісам. – Уручэнне белазаўскіх партфеляў для нас – вельмі радасная і запамінальная падзея. Зараз можна смела казаць, што да школы мы гатовыя. Дзяніс хацеў менавіта аранжавы рукзак і вельмі ўзрадаваўся, калі яго атрымаў. Мары здзяйсняюцца! Вялікі дзякуй БЕЛАЗу за тое, што такая ўвага надаецца дзецям.

Будучы сацыяльна арыентаванай кампаніяй, БЕЛАЗ надае самую пільную ўвагу падтрымцы сем'яў завадчан і выхаванню будучага пакалення белазаўцаў.

Жадаем усім першакласнікам толькі добрых адзнак і займальнага школьнага жыцця!

Мерапрыемства падрыхтавана і праведзена адміністрацыяй і прафсаюзным камітэтам ААТ «БЕЛАЗ».