0%

БЕЛАЗ стаў пляцоўкай для вялікага дыялогу на VII Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі

28 сентября 2020

Новости

28 верасня ААТ «БЕЛАЗ» прымала адно з выязных пасяджэнняў першага дня VII Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі. У рамках секцыі № 2 удзельнікі форуму правялі пасяджэнне на тэму «Сумесныя праекты як фактар стабільнага эканамічнага развіцця Беларусі і Расіі».

Свае карэктывы ў фармат сёлятняга форуму ўнесла пандэмія, таму пасяджэнне секцыі на БЕЛАЗе прайшло ў рэжыме відэаканферэнцыі. Прамы відэамост звязаў прадстаўнікоў беларускага боку з расійскімі калегамі ў Савеце Федэрацыі ў Маскве.

Тое, што менавіта Беларускі аўтамабільны завод стаў пляцоўкай такога маштабнага міждзяржаўнага форуму, глыбока сімвалічна. Гэта не аднойчы падкрэслівалі спікеры ў сваіх выступленнях, адзначаючы, што БЕЛАЗ з’яўляецца яскравым узорам паспяховага двухбаковага партнёрства з максімальнай набліжанасцю да вытворчасці.

– Дзякуючы цеснаму беларуска-расійскаму супрацоўніцтву мы з вамі, паважаныя калегі, стварылі высокатэхналагічны, экспартна арыентаваны прадукт – кар’ерную тэхніку «БЕЛАЗ», якая паспяхова выкарыстоўваецца ва ўсім свеце, – падкрэсліў у сваім дакладзе намеснік міністра прамысловасці Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Харытончык.

– Форум рэгіёнаў для БЕЛАЗа – гэта як дарожная карта, праца на перспектыву. Тут вызначаюцца асноўныя напрамкі, вектары руху наперад, наладжваюцца дзелавыя кантакты і гэтак далей. Далей пасля форуму мы на працягу года адпрацоўваем тыя напрамкі, што пазначаны. Наша прадпрыемства працуе з усімі рэгіёнамі Расійскай Федэрацыі. Расія для БЕЛАЗа – асноўны стратэгічны, гістарычны партнёр. Зараз мы вядзем актыўную мэтанакіраваную працу па фарміраванні партфеля заказаў на наступны год, у тым ліку з перспектывай 2022 года, – адзначыў генеральны дырэктар ААТ «БЕЛАЗ» Сяргей Нікіфаровіч.

У цэнтры ўвагі ўдзельнікаў секцыі – парламентарыяў, прадстаўнікоў органаў улады, міністэрстваў, інтэграцыйных структур, а таксама кіраўнікоў рэгіёнаў і найбуйнейшых прадпрыемстваў дзвюх краін – былі міжрэгіянальныя сувязі, перспектывы прамысловай кааперацыі, нарошчванне беларуска-расійскіх гандлёва-эканамічных адносін, узаемадзеянне дзелавых колаў дзвюх краін, а таксама рэалізацыя навукова-адукацыйных і гуманітарных праектаў.