БЕЛАЗ: стратэгія бесперапыннага ўдасканалення

28 февраля 2020

Новости

БЕЛАЗ працягвае ўпэўнены рух па шляху стратэгічнага развіцця, узмацняючы дынаміку ўкаранення інавацый ва ўсіх сферах дзейнасці. Павышэнне надзейнасці і якасці тэхнікі, удасканаленне тэхналогій, забеспячэнне бяспечных умоў працы людзей, павышэнне культуры вытворчасці і эфектыўнасці ўсіх кірункаў дзейнасці прадпрыемства – прыярытэтныя напрамкі ў працы БЕЛАЗа.

Аб ключавых напрамках устойлівага прагрэсу БЕЛАЗа і стратэгічных прыярытэтах вытворчай дзейнасці кампаніі ў новым інфармацыйным праекце «Стратэгія развіцця» на нашым партале

З акцэнтам на далёкае замежжа
БЕЛАЗ – гэта якасць
Пашыраючы межы магчымасцяў
У фокусе – новае і прагрэсіўнае
Статуснасць брэнда «БЕЛАЗ»
Надзейная сацыяльная платформа

З АКЦЭНТАМ НА ДАЛЁКАЕ ЗАМЕЖЖА

Адна з галоўных і нязменных задач дзейнасці БЕЛАЗа – захаванне і ўмацаванне канкурэнтных пазіцый на традыцыйных рынках збыту прадукцыі, асваенне новых і пашырэнне прысутнасці на іх.

Геаграфія продажаў ААТ «БЕЛАЗ» ахоплівае некалькі кантынентаў. За ўсю сваю гісторыю прадпрыемства ажыццяўляла пастаўкі асноўнай прадукцыі больш як у 80 краін. У мінулым годзе больш за 92 % прадукцыі завода экспартавана ў 27 дзяржаў свету, 19 з якіх – краіны далёкага замежжа. Аб’ём экспарту перавысіў 727 млн долараў ЗША.

БЕЛАЗ стабільна ўваходзіць у тройку асноўных вытворцаў кар’ернай тэхнікі грузападымальнасцю 90 тон і вышэй, утрымліваючы на працягу апошняга дзесяцігоддзя да 30 % сусветнага рынку кар’ерных самазвалаў асабліва вялікай грузападымальнасці.

«У прыярытэце для нас цяпер не адступаць ад заваяваных пазіцый, а ўсімі сіламі імкнуцца павялічваць гэтую долю сусветнага рынку. Да того ж стаіць досыць складаная задача павелічэння долі краін далёкага замежжа ў геаграфіі паставак тэхнікі «БЕЛАЗ» да 20 % ужо ў бягучым годзе, а ў далейшым да 30 % у агульным аб’ёме адгрузкі»,– падкрэслівае намеснік генеральнага дырэктара па маркетынгавай і экспартнай палітыцы – дырэктар маркетынг-цэнтра Канстанцін Рыльцоў.

БЕЛАЗ праводзіць актыўную маркетынгавую палітыку па выхадзе і замацаванні на новых рынках збыту. Адбываецца пастаянны пошук дадатковых магчымасцяў для павелічэння продажаў па ўсім свеце, а таксама надзейных партнёраў, здольных забяспечыць прасоўванне і сэрвіснае суправаджэнне тэхнікі «БЕЛАЗ» у Еўропе, Азіі, Амерыцы, Афрыцы, вядзецца актыўная праца па стварэнні і развіцці там тавараправоднай сеткі.

У БЕЛАЗа ўжо ёсць пэўныя поспехі ў вырашэнні задач па пастаўках тэхнікі ў краіны далёкага замежжа. У прыватнасці, у мінулым годзе беларуская кар’ерная тэхніка адправілася ў Алжыр (пасля 50-гадовага перапынку), Балгарыю, Боснію і Герцагавіну, Інданэзію, Манголію, Польшчу, Сербію, Чылі, Філіпіны і Эстонію.

БЕЛАЗ – ГЭТА ЯКАСЦЬ

Якасць – найважнейшы паказчык канкурэнтаздольнасці ва ўмовах сусветнага рынку. Для Беларускага аўтамабільнага завода якасць – гэта не раз і назаўжды набытая каштоўнасць, а катэгорыя, што пастаянна развіваецца і расце разам з запытамі і чаканнямі спажыўцоў і ўдасканаленнем тэхналогій вырабу прадукцыі.

Па ўкараненні найноўшых інструментаў якасці наша прадпрыемства нязменна займае перадавыя пазіцыі. БЕЛАЗ стаў адным з першых прадпрыемстваў машынабудаўнічай галіны Рэспублікі Беларусь, якія ўкаранілі Сістэму менеджменту якасці (СМЯ), сертыфікаваўшы яе ў Нацыянальнай сістэме пацвярджэння адпаведнасці і ў Нямецкай сістэме DAKKS на адпаведнасць патрабаванням ISO 9001 в 2000 годзе.

Сёння, каб прадукцыя адпавядала патрабаванням спажыўцоў практычна ўсіх краін свету, праведзена работа па ўкараненні міжнародных стандартаў, у тым ліку гарманізаваных з Еўрапейскімі патрабаваннямі да падобнай прадукцыі. Сертыфікаваны і эфектыўна функцыянуюць сістэмы менеджменту ў адпаведнасці са стандартамі СТБ ISO 9001, СТБ 18001 і СТБ 14001. Выкладзеныя ў іх метады і падыходы дазваляюць граматна кіраваць рэсурсамі, праводзіць аналіз рызык, вызначаць значнасць наступстваў і прымаць эфектыўныя рашэнні.

На прадпрыемстве вядзецца праца па засваенні патрабаванняў стандарту СТБ 16949-2018, распрацоўцы і ўніфікацыі адзіных патрабаванняў прадпрыемства да пастаўшчыкоў камплектуючых і матэрыялаў. Усё большая ўвага надаецца такім катэгорыям, як якасць тэхналогіі, менеджменту, экалогіі, іншых аспектаў дзейнасці.

БЕЛАЗ неаднаразова ўдастойваўся такой прэстыжнай дзяржаўнай узнагароды, як Прэмія Урада Рэспублікі Беларусь за дасягненні ў галіне якасці, і станавіўся лаўрэатам конкурсу «Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь».

ПАШЫРЫЦЬ МЕЖЫ МАГЧЫМАСЦЯЎ

БЕЛАЗ пастаянна абнаўляе і ўдасканальвае сваю прадукцыю, выкарыстоўвае новае высокатэхналагічнае абсталяванне, прымяняе перадавыя метады арганізацыі вытворчасці, павышае канструктыўныя і эксплуатацыйныя характарыстыкі тэхнікі.

Сучасная стратэгія развіцця высокатэхналагічнай вытворчасці дазваляе ААТ «БЕЛАЗ» не толькі выпускаць прадукцыю, якая адпавядае самым жорсткім патрабаванням сусветнага рынку горназдабычы, але і актыўна распрацоўваць перспектыўныя напрамкі ўдасканалення кар’ернай тэхнікі. У прыярытэце – паляпшэнне спажывецкіх уласцівасцяў, бяспекі і эксплуатацыйнай эфектыўнасці кар’ернай тэхнікі і пашырэнне яе мадэльнага раду.

2019 год можна назваць годам пашырэння мадэльнага раду кар’ерных самазвалаў грузападымальнасцю 90 тон – выраблена 5 новых мадэляў.

Адзначым, што ўсе распрацоўкі праводзяцца на падставе маркетынгавых даследаванняў рынку і ў цесным супрацоўніцтве з патэнцыяльнымі спажыўцамі прадукцыі.

Адной з характарыстык інавацыйнага патэнцыялу прадпрыемства з’яўляецца ўдзельная вага інавацыйнай прадукцыі ў агульным аб’ёме адгружанай прадукцыі. У ААТ «БЕЛАЗ» гэты паказчык за 2019 год склаў 51,8 %. У адпаведнасці з сусветнымі тэндэнцыямі БЕЛАЗ працуе на перспектыву і інтэнсіўна ўкараняе інавацыйныя тэхналогіі ў свае распрацоўкі, прыярытэтам такіх распрацовак з’яўляецца беспілотны транспарт. Прадпрыемствам сумесна з расійскай кампаніяй распрацаваны, выраблены і адгружаны спажыўцу два кар’ерныя самазвалы БЕЛАЗ-7513R грузападымальнасцю 136 тон з інтэлектуальнай рабатызаванай сістэмай кіравання. Праходзіць выпрабаванні і памочнік рабатызаванага кар’ерніка – першы ўзор франтальнага пагрузчыка БЕЛАЗ-78250 з дыстанцыйным кіраваннем.

Спадарожным рабатызацыі напрамкам, што развіваюць на БЕЛАЗе, з’яўляецца ўкараненне на здабываючых прадпрыемствах цыфравізацыі вытворчасці, а дакладней, сістэмы «Інтэлектуальнага кар’ера» з рабатызаванай кар’ернай тэхнікай «БЕЛАЗ».

Для пашырэння тыпапамернага раду кар’ерных самазвалаў канструктары БЕЛАЗа адаптуюць пад беларускія кар’ернікі рухавікі вядучых сусветных вытворцаў.

Генеральны дырэктар ААТ «БЕЛАЗ» Пётр Пархомчык і старшыня праўлення WEICHAI GROUP Тань Сюгуан.

БЕЛАЗ пашырае лінейку кар’ерных самазвалаў, якія выкарыстоўваюць у якасці маторнага паліва звадкаваны прыродны газ (LNG), за кошт кар’ерных самазвалаў грузападымальнасцю 90 і 136 тон. Плануецца распрацоўка машын грузападымальнасцю 55, 90, 136 і 240 тон, якія будуць адпавядаць апошнім патрабаванням па экалагічнай бяспецы эмісіі выхлапных газаў. Яшчэ адным перспектыўным напрамкам у свеце сучасных тэндэнцый па выкарыстанні альтэрнатыўных крыніц энергіі ў кар’ернай тэхніцы з’яўляюцца дызель-тралейвозы. На падыходзе і іншыя навінкі тэхнікі. Так, ужо ў бліжэйшы час БЕЛАЗ выводзіць на рынак пашыраную лінейку аэрадромных цягачоў для абслугоўвання аэрапортаў.



У ФОКУСЕ – НОВАЕ І ПРАГРЭСІЎНАЕ

Найбольш эфектыўныя спосабы павышэння канкурэнтаздольнасці для БЕЛАЗа – гэта пастаянная мадэрнізацыя вытворчасці, выкарыстанне новых тэхналогій і інавацыйных рашэнняў.

Прытрымліваючыся курсу ўстойлівага развіцця і абапіраючыся на вытворчы і кадравы патэнцыял, БЕЛАЗ мадэрнізуе вытворчасць, выкарыстоўваючы сучасныя тэхналогіі і высокапрадукцыйнае абсталяванне, укараняючы перадавыя рэсурсазберагальныя і энергаэфектыўныя тэхналогіі. Для прадпрыемства важна не толькі працягваць сваё паспяховае развіццё, але і павялічваць сваю інвестыцыйную прывабнасць.

У 2019 годзе ААТ «БЕЛАЗ» завяршыла маштабны інвестыцыйны праект «Стварэнне магутнасцяў і павелічэнне аб’ёмаў вытворчасці і рэалізацыі кар’ерных самазвалаў грузападымальнасцю 90–450 тон». За час яго рэалізацыі асвоена 279 мільёнаў долараў, пабудаваны новы блок вытворчых цэхаў плошчай 25,3 тыс. кв. метраў, набыта 562 адзінкі высокапрадукцыйнага тэхналагічнага абсталявання. Створана 175 новых працоўных месцаў, з іх 98 высокапрадукцыйных.

У рамках праекта запушчаны найноўшы па ўзроўні тэхналогій і рабатызацыі комплекс падрыхтоўкі і афарбоўкі дэталяў і вузлоў кар’ернай тэхнікі «БЕЛАЗ» вялікай і асабліва вялікай грузападымальнасці, унікальная для Беларусі вытворчасць кранаў маставога тыпу грузападымальнасцю да 240 тон адкрыта на Крановым заводзе ў Слуцку, які ўваходзіць у склад холдынгу «БЕЛАЗ-ХОЛДЫНГ», запушчаны новы інвестыцыйны праект па арганізацыі вытворчасці чыгуначнага рухомага грузавога саставу на Магілёўскім вагонабудаўнічым заводзе.

БЕЛАЗ мае намер і надалей праводзіць абнаўленне і мадэрнізацыю асноўных фондаў. У першую чаргу гэта тычыцца закупкі новага абсталявання і мадэрнізацыі ўжо існуючага. Прадугледжваецца таксама рэалізацыя шэрагу дадатковых інвестыцыйных мерапрыемстваў, накіраваных на развіццё вытворчасці, павышэнне якасці прадукцыі.

ААТ «Кузлітмаш» асвоіла вытворчасць прэсаў гідраўлічных мадэлі ППЛ2427 для вырабу пластыкавых лыж розных тыпаразмераў

СТАТУСНАСЦЬ БРЭНДА «БЕЛАЗ»

Рэпутацыя брэнда «БЕЛАЗ» адлюстроўвае гады стабільнага развіцця. Кампанія будуе свой поспех, абапіраючыся на вопыт і веды папярэдніх пакаленняў, увасабляючы лепшыя традыцыі ў новых мадэлях тэхнікі. БЕЛАЗ выкарыстоўвае комплексны падыход і розныя спосабы прасоўвання брэнда. Гэта актыўны ўдзел у міжнародных выставах, медыйная рэклама, дылерская сетка, маркетынгавыя акцыі і прэзентацыі, барацьба з кантрафактам і гэтак далей.

Эфектыўным каналам камунікацый, важнай іміджавай падзеяй, што падтрымлівае статутнасць брэнда на сусветнай арэне, з’яўляецца ўдзел у спецыялізаваных міжнародных выставах. Гэта выдатныя пляцоўкі для перамоваў і прасоўвання прадукцыі, якія дазваляюць вывучыць рынак, паказаць свае навінкі, даведацца больш пра кліентаў і іх чаканні, стварыць і пашырыць базу патэнцыйных пакупнікоў. У сукупнасці гэта дазваляе выпрацоўваць стратэгію працы на міжнародных рынках, своечасова асвойваць новыя кірункі ў працы і вызначаць шляхі далейшага развіцця кампаніі.

У гэтым годзе БЕЛАЗ будзе прымаць удзел у выставах на горную тэматыку ў многіх краінах, а для максімальнага эфекту – экспанаваць на іх ўзоры кар’ернай і спецыяльнай тэхнікі. Адной з самых значных падзей стане выстава MINExpo International 2020 у Лас-Вегасе, дзе будзе прадстаўлены кар’ерны самазвал БЕЛАЗ-75321 грузападымальнасцю 290 тон з рухавіком, што адпавядае стандарту па эмісіі выхлапных газаў EPA Tier 4F. Вядуцца работы па стварэнні цалкам электрычнага 90-тоннага самазвала, у якім у якасці сілавой устаноўкі будуць ужытыя акумулятарныя батарэі. Гэтая машына таксама будзе прадстаўлена ў верасні ў Лас-Вегасе.

БЕЛАЗ на MINExpo International 2016 у Лас-Вегасе

Права выключнага карыстання таварным знакам «БЕЛАЗ» прадпрыемства набыло ў 1963 годзе, а таварным знакам «BELAZ» – у 1991 годзе. Вядзецца актыўная мэтанакіраваная праца па абароне правоў інтэлектуальнай уласнасці і спыненні незаконнага выкарыстання таварнага знака «БЕЛАЗ». У прыватнасці, на прадпрыемстве распрацаваны і выконваецца план мерапрыемстваў па мінімізацыі паступлення кантрафактнай прадукцыі на рынкі збыту, выяўляюцца кантрафактныя запчасткі, пастаўленыя нядобрасумленнымі пастаўшчыкамі пад выглядам прадукцыі Беларускага аўтамабільнага завода.

БЕЛАЗ працягвае плённае навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва з тэхнічнымі ВНУ Расіі, Беларусі, Казахстана і Украіны па сумеснай падрыхтоўцы спецыялістаў у галіне эксплуатацыі кар’ернай тэхнікі ў горназдабываючай галіне і павышэнні якасці практыка-арыентаванай адукацыі. Штогод на БЕЛАЗе праводзіцца Міжнародны чэмпіянат па рашэнні машынабудаўнічых кейсаў BELAZ Challenge.

Асаблівая ўвага надаецца надзейнай, эфектыўнай і бяспечнай эксплуатацыі кар’ерных самазвалаў «БЕЛАЗ», якая немагчыма без кваліфікаванага абслуговага персаналу, асабліва вадзіцеляў машын. Праводзіцца навучанне груп тэхнічных спецыялістаў і вадзіцеляў горназдабываючых прадпрыемстваў. У мінулым годзе адбыўся першы міжнародны чэмпіянат аператараў БЕЛАЗа, на якім змаглі памерацца сіламі вадзіцелі кар’ерных самазвалаў з Беларусі, Расіі, Казахстана і Украіны.

У рэчышчы паспяховага прасоўвання свайго брэнда БЕЛАЗ першым у машынабудаўнічай галіне Беларусі адкрыў дзверы турыстам. З 15 ліпеня 2015 года на прадпрыемстве пачалі рэалізацыю праекта прамысловага турызму «БЕЛАЗ – брэнд Беларусі». За гэты час прадпрыемства наведалі больш за 100 тысяч чалавек з больш чым 20 краін свету.

НАДЗЕЙНАЯ САЦЫЯЛЬНАЯ ПЛАТФОРМА

Усвядомленая сацыяльная стратэгія з арыенцірам на чалавека, на стварэнне спрыяльных і бяспечных умоў працы, сацыяльных гарантый для кожнага завадчаніна з’яўляецца ключавым фактарам устойлівага развіцця прадпрыемства з сусветным імем і наймагутным стымулам паспяховай работы для яго вялікага калектыву.

На Беларускім аўтамабільным заводзе створана комплексная сістэма карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці і сацыяльнага партнёрства. Калектыўны дагавор ААТ «БЕЛАЗ» – адзін з самых паспяхова дзеючых у нашай краіне. У ім адлюстраваны сацыяльныя гарантыі і льготы для ўсіх, хто добрасумленна працуе на вытворчасці, праяўляе актыўнасць у грамадскім жыцці.

Усебаковая абарона, ільготы і гарантыі для белазаўцаў, адрасная дапамога ветэранам прадпрыемства – усё гэта спрыяе ўпэўненасці ў заўтрашнім дні, стварае ўмовы для паспяховага развіцця прадпрыемства.

На прадпрыемстве пільная ўвага надаецца прафесійнаму станаўленню, самаўдасканаленню і росту маладых работнікаў. З гэтай нагоды на працягу ўжо многіх гадоў рэалізуецца карпаратыўная праграма «Моладзь БЕЛАЗа». Сваёй таленавітай і перспектыўнай моладдзю тут ганарацца і падтрымліваюць яе ініцыятывы. Акружаныя асаблівым клопатам ветэраны працы і пенсіянеры, былыя работнікі БЕЛАЗа.

Асаблівае месца на прадпрыемстве адводзіцца фарміраванню асноў здаровага ладу жыцця. Беларускі аўтамабільны завод мае сетку сучасных сацыяльных аб’ектаў, якія дазваляюць працаўнікам і іх сем’ям якасна бавіць вольны час.

На аб’ектах фізкультурна-спартыўнай і аздараўленчай базы БЕЛАЗа праводзяцца спаборніцтвы рознага ўзроўню, круглагадовая рабочая спартакіяда прадпрыемства, займаюцца ў спартыўных секцыях працаўнікі завода.

У полі зроку аўтагіганта таксама і арганізацыя культурнага вольнага часу белазаўцаў. На базе Палаца культуры ААТ «БЕЛАЗ» дзейнічае некалькі дзясяткаў творчых калектываў, праводзіцца мноства фестываляў, конкурсаў і канцэртаў.

БЕЛАЗ – гэта кампанія з высокай карпаратыўна-сацыяльнай адказнасцю, індывідуальным характарам і калектывам прафесіяналаў, патрыётаў свайго прадпрыемства.