0%

Белазовец ганараваны высокай дзяржаўнай узнагародай – ордэнам Працоўнай Славы

2 марта 2021

Новости

26 лютага Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь падпісаў Указ аб узнагароджанні ордэнамі, медалямі і ганаровымі званнямі 68 прадстаўнікоў розных сфер дзейнасці. Сярод іх – белазавец, наладчык станкоў і маніпулятараў з праграмным кіраваннем цэха праграмных станкоў Сяргей Лютаў. Сяргею Мікалаевічу выпаў гонар стаць адным з першых у Рэспубліцы Беларусь уладальнікаў ордэна Працоўнай Славы.

Вопытны белазавец Сяргей Лютаў удастоены дзяржаўнай узнагароды за шматгадовую плённую працу, прафесіяналізм, узорнае выкананне службовых абавязкаў, дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў і значны асабісты ўклад у айчыннае машынабудаванне.

У гэтым годзе спаўняецца роўна 40 гадоў, як ён працуе ў цэху праграмных станкоў БЕЛАЗа. Будучы прафесіяналам найвышэйшага ўзроўню, праяўляючы ініцыятыву і творчы падыход, Сяргей Лютаў распрацаваў і ўкараніў у вытворчасць не адну праграму для апрацоўкі дэталяў на станках з праграмным кіраваннем (ПК) для кар'ерных самазвалаў асабліва вялікай грузападымальнасці, прапанаваў некалькі інавацыйных рашэнняў па ўдасканаленні інструменту і аснасткі.

Сёння разам з найбагацейшым вопытам работы Сяргей Мікалаевіч мае самы высокі, шосты, разрад наладчыка станкоў і маніпулятараў з ПК, удастоены ганаровага звання «Ветэран працы БЕЛАЗа» і карыстаецца заслужаным аўтарытэтам у калектыве.

У 2010 годзе за добрасумленную плённую працу і асабісты ўклад у развіццё прадпрыемства Сяргей Лютаў быў адзначаны Ганаровай граматай БЕЛАЗа, яго фатаграфіі размяшчаліся ў Галерэі працоўнай славы і Кнізе гонару завода. У 2014-м яшчэ адным пацвярджэннем прафесійных заслуг Сяргея Мікалаевіча стала медаль «За працоўныя заслугі», якой яго ўзнагародзілі за актыўны ўдзел у вырабе дэталяў і камплектуючых для самага вялікага на планеце кар'ернага самазвала БЕЛАЗ-75710 грузападымальнасцю 450 тон.

Сяргей Лютаў ганарыцца сваім дачыненнем да стварэння рэкардсмена Кнігі рэкордаў Гінеса 450-тоннага «БЕЛАЗ»-волата

Працаваць і жыць па сумленні – такое галоўнае правіла ўладальніка ордэна Працоўнай Славы белазаўца Сяргея Лютава.

– Мы выпускаем кар'ерныя самазвалы, вядомыя ва ўсім свеце, і ў кожнай машыне – частка працы маёй і маіх калег па цэху. Я гэтым вельмі ганаруся, – адзначае Сяргей Мікалаевіч. – Тое, што так высока цэняць вынікі тваёй працы, вядома прыемна, але галоўнае – атрымліваць задавальненне ад таго, што ты робіш. Толькі той, хто па-сапраўднаму любіць сваю справу, здольны дабіцца многага.

Галоўны рэсурс Беларускага аўтамабільнага завода – вопытныя высокакваліфікаваныя кадры, адказныя, добрасумленныя і мэтанакіраваныя спецыялісты. Праца такіх майстроў сваёй справы, як Сяргей Лютаў, верных прадпрыемству і прафесійнаму абавязку, служыць прыкладам для маладога пакалення, а іх дасягненнямі па праву ганарыцца БЕЛАЗ.