0%

«БЕЛАЗы» выключнай працаздольнасці для МГАКа

19 февраля 2021

Новости

На жалезнарудным кар'еры Міхайлаўскага ГАКа імя А.В. Варычава (АТ «ХК «Металаінвест») у Курскай вобласці Расіі сабраны і прыступіў да абкаткі чацвёрты на камбінаце самазвал серыі БЕЛАЗ-7531, здольны за адзін рэйс перавезці 240 тон горнай пароды.

Новы «БЕЛАЗ» грузападымальнасцю 240 тон, як і тры яго браты на МГАКу, будзе перавозіць горную масу да перагрузачных пунктаў і драбільна-канвеернага комплексу

Начальнік службы эксплуатацыі аўтатрактарнага ўпраўлення камбіната Віктар Кузняцоў адзначае выключную працаздольнасць новай тэхнікі: «У параўнанні з 220-тоннікамі новы «БЕЛАЗ» перавозіць за змену на 600 тон больш, а за месяц – на 30 тысяч тон. У дадатак да самазвалаў набыты экскаватары з аб’ёмам каўша 18–20 кубічных метраў, што забяспечвае аптымальныя суадносіны кузава машыны і каўша экскаватара».

Самазвалы серыі БЕЛАЗ-7531 эканамічныя ў выдатку паліва, упэўнена пераадольваюць уздымы, устойлівыя на дарозе, пры гэтым простыя ў кіраванні і абслугоўванні.

Бартавы камп’ютар кантралюе ўсе параметры працы 240-тонніка, а высокатэхналагічнае начынне кар’ерніка сур’ёзна палягчае складаную і адказную працу аператараў «БЕЛАЗаў». Акрамя камер відэаагляду, сучасных сістэм кіравання і бяспекі на машыне ўкаранёны пілотны праект – сістэма «Антысон». Яна пільна сочыць за мімікай, рухам вачэй, паваротамі галавы белазіста і пры з’яўленні прыкмет стомленасці або дрымотнасці падае гукавы сігнал. Для начных змен гэта асабліва актуальна.

Два першыя ў «гаражы» МГАКа 240-тонныя самазвалы БЕЛАЗ-75313 папоўнілі камбінат у жніўні 2020 года, атрымаўшы імёны ганаровых ветэранаў прадпрыемства

Супрацоўніцтва БЕЛАЗа з Міхайлаўскім ГАКам налічвае ўжо амаль шэсць дзесяцігоддзяў і паспяхова развіваецца ў нашы дні. Сёння аснову тэхналагічнага парку аднаго з найбуйнейшых у свеце кар’ераў па здабычы жалезнай руды з глыбінёй руднай чары каля 380 м складаюць кар’ерныя самазвалы «БЕЛАЗ» грузападымальнасцю ад 130 да 240 тон.