Каб памятаць загінуўшых і дапамагаць жывым

17 февраля 2020

Новости

Да белазаўцаў, якія прайшлі дарогамі афганскай вайны, на прадпрыемстве асаблівае стаўленне. Так, напярэдадні 31-й гадавіны вываду савецкіх войскаў з Афганістана, гэтая памятная дата адзначаецца ў Рэспубліцы Беларусь 15 лютага, у Палацы культуры БЕЛАЗа па добрай традыцыі сабраліся на сустрэчу воіны-інтэрнацыяналісты, каб успомніць тыя далёкія дні і баявых таварышаў.

– Мы некалі правільна вырашылі, што будзем збірацца ў гэты дзень, – сказаў генеральны дырэктар ААТ «БЕЛАЗ» Пётр Пархомчык, вітаючы ветэранаў афганскай вайны. . – Вядома, успаміны пра тую вайну кранаюць душы ўсіх, хто прайшоў праз яе, асаблівым болем адгукаюцца ў памяці тых, хто не дачакаўся з яе сваіх родных і блізкіх... Але трэба ганарыцца тымі, хто застаўся верны воінскай прысязе, шанаваць і памятаць іх.

Ваенны камісар Смалявіцкага раёна і Жодзіна палкоўнік Юрый Марэцкі распавёў аб дапамозе і падтрымцы, якія аказваюцца ваенным камісарыятам, афганскімі ветэранскімі арганізацыямі воінам-інтэрнацыяналістам, жонкам і матулям загінуўшых.

Уладзімір Гірдзёнак, старшыня заводскай арганізацыі воінаў-інтэрнацыяналістаў, што налічвае 53 чалавекі, падзякаваў генеральнага дырэктара прадпрыемства за водгук на ўсе праблемы, якія ўзнікаюць у гэтай катэгорыі работнікаў.

На памяць аб сустрэчы былым воінам-афганцам былі ўручаны кнігі Рыгора Саланца пра вайну ў Афганістане, а самадзейныя артысты Палаца культуры і ансамбля ваенна-патрыятычнай песні «Саланг» падарылі ім свае песні.