0%

На свяце вясны

9 марта 2021

Новости

Аб самых яркіх і запамінальных момантах святочных мерапрыемстваў, прысвечаных Дню жанчын, дзе галоўныя гераіні і актыўныя ўдзельніцы – выдатныя працаўніцы БЕЛАЗа ў нашым фотарэпартажы.

«Завадчанка-2021»

Штогадовы белазаўскі конкурс «Завадчанка» стаў вясновым брэндам Жодзіна. Упершыню гэты тэатралізаваны вечар-конкурс прайшоў у Палацы культуры Беларускага аўтамабільнага завода ў 1993 годзе і з тых часоў з’яўляецца любімым многімі традыцыйным вясновым шоу.

У конкурсе, які праходзіць напярэдадні Дня жанчын, удзел прымаюць маладыя работніцы прадпрыемства. Для іх гэта падзея асаблівая, з вялікай падрыхтоўчай работай, у якой прафесійна дапамагаюць работнікі Палаца культуры, а таксама сваю лепту ўносіць група падтрымкі – калегі ўдзельніц (бо ў візітнай картцы дзяўчат асаблівае месца займае іх прафесія, і звычайна калегі па працы ў гэтым конкурсе выходзяць на сцэну разам з канкурсанткай).

На званне «Завадчанка-2021» прэтэндавалі сем выдатных дам: Кацярына Гаршанёва (інжынер УТС), Анастасія Капліна (мастак УСАиЛПР), Марына Гурыновіч (машыніст крана зварачнага цэха), Анастасія Молчан (кантралёр АВА), Алеся Ігнацьева (геадэзіст ШБВ «ББК»), Майя Ганчарык (слесар-інструментальшчык АГМетра) і Наталля Данькова (токар-ревальвершчык аўтаматнага цэха).

Дэфіле, віктарына на эрудыцыю, тэатральны, вакальны, харэаграфічны конкурсы, «спаборніцтва» мужчын – з такіх этапаў складалася праграма, па выніках якой журы выстаўляла балы. У выніку самае вялікая выніковая колькасць балаў – у Кацярыны Гаршанёвой.

У гледачоў конкурсу ўладальніца тытула «Завадчанка-2021» яшчэ доўга будзе асацыіравацца з вобразам сакратаркі Верачкі са «Службовага рамана», вобраз якой пераможца ўвасобіла ў тэатральным конкурсе

Трэба адзначыць, што, як заўсёды, конкурс атрымаўся. Было цікава, весела, удзельніцы былі практычна роўныя па сілах. Нумары конкурснай праграмы змянялі выступленні самадзейных калектываў Палаца культуры, што дадало прыгожаму вечару яркія святочныя ноты.

«Прыгожы забег»

Восьмага сакавіка ў горад машынабудаўнікоў з’ехаліся тыя, хто вырашыў сустрэць Дзень жанчын па-спартыўнаму. У Жодзіне прайшлі традыцыйныя рэспубліканскія лёгкаатлетычныя спаборніцтвы «Прыгожы забег». Удзельніцы спартыўнага свята зрабілі яго сапраўдным шоу з яркімі касцюмамі. Бо не сакрэт, што для жанчыны касцюм – гэта ўжо палова перамогі.

На старт выйшлі каля 530 прадстаўніц прыгожага полу. Беглі і паасобку, і цэлымі камандамі. Белазаўская, да прыкладу, сабрала 35 завадчанак. Іх падтрымлівала і салідная каманда балельшчыкаў, якая была прызнана, дарэчы, лепшай.

Дыстанцыі 2 і 5 км удзельніцы прабеглі, здавалася, у імгненне вока – не паспелі стартаваць, а тут раз – і ўжо самая хуткая з’явілася на фінішы. І не дзіва, што ў большасці сваёй забег сабраў сапраўдных аматарак бегу, для якіх удзел у падобных мерапрыемствах звыклы. І з’ехаліся яны ў Жодзіна з розных гарадоў Беларусі спецыяльна, каб яшчэ раз выпрабаваць сябе.

Вольга Луніна, інструктар-метадыст упраўлення спартыўна-аздараўленчай і лячэбна-прафілактычнай работы БЕЛАЗа, заняла першае месца ў сваёй узроставай групе

Спартыўнае свята атрымалася, і бягухі павезлі з Жодзіна не толькі сімпатычныя медалі ў форме лічбы 8 і цюльпаны, якія дарылі на фінішы ўсім удзельніцам, а пераможцы ў розных намінацыях яшчэ і грашовыя прызы, але і выдатны настрой, фатаграфіі на фоне сімвала горада – сучаснага «БЕЛАЗа» і ... чаканне наступных стартаў.