0%

Навукова-тэхнічнаму цэнтру ААТ «БЕЛАЗ» прысвоена імя Аляксандра Мікалаевіча Ягорава

26 февраля 2021

Новости

26 лютага на БЕЛАЗе прайшла ўрачыстая цырымонія прысваення навукова-тэхнічнаму цэнтру прадпрыемства імя Аляксандра Мікалаевіча Ягорава ў памяць аб выдатным канструктару і кіраўніку, які на працягу амаль 30 гадоў узначальваў канструктарскую службу завода.

З ініцыятывай увекавечання імя Аляксандра Мікалаевіча Ягорава ў назве завадскога навукова-тэхнічнага цэнтра (НТЦ), якім ён паспяхова кіраваў з 1992-га па 2020 год, і адкрыцця памятнай дошкі выступілі калектыў упраўлення галоўнага канструктара НТЦ і савет ветэранаў ААТ «БЕЛАЗ».


Аляксандр Мікалаевіч Ягораў нарадзіўся 26 лютага 1952 года ў гарадскім пасёлку Івянец Валожынскага раёна Мінскай вобласці. У 1974-м скончыў Беларускі палітэхнічны інстытут па спецыяльнасці «аўтамабілі і трактары» і пачаў сваю працоўную дзейнасць на БЕЛАЗе на пасадзе майстра механазборачнага цэха. З 1977 года – інжынер-канструктар, затым начальнік канструктарскага бюро. З 1988 года – намеснік галоўнага канструктара, у 1992-м прызначаны галоўным канструктарам завода, у 2007 годзе – генеральным канструктарам – начальнікам навукова-тэхнічнага цэнтра БЕЛАЗа і прапрацаваў на гэтай пасадзе аж да выхаду на пенсію вясной мінулага года. 17 жніўня 2020 года Аляксандра Мікалаевіча не стала ...


Кіраўнікі БЕЛАЗа, работнікі УГК НТЦ і ветэраны ўпраўлення, якія прымалі ўдзел у памятнай цырымоніі, успомнілі працоўны шлях Аляксандра Мікалаевіча Ягорава і адзначылі яго вялікі ўклад у развіццё канструктарскай службы Беларускага аўтамабільнага завода. Падкрэслівалася, што ён быў ініцыятарам і ідэйным натхняльнікам самых смелых і прарыўных інавацыйных праектаў, якія дазволілі кампаніі выйсці на сусветны ўзровень і стаць адным з прызнаных лідараў у вытворчасці кар'ернай тэхнікі.

– Ганарова і адказна наша місія сёння – увекавечыць, упісаць у летапіс прадпрыемства імя выдатнага, геніяльнага канструктара Аляксандра Мікалаевіча Ягорава. На яго лёс выпала нялёгкая доля – у цяжкія часы распрацоўваць новыя флагманскія мадэлі кар'ернай тэхнікі. Менавіта пад яго кіраўніцтвам і дзякуючы вам, паважаныя аўтазаводцы, мы стварылі гэтую тэхніку і паспяхова яе сёння рэалізоўваем, развіваючы наша прадпрыемства. Я заўсёды казаў і буду казаць, што без канструктараў няма завода. Вельмі прыемна адзначаць, што ва УГК НТЦ ёсць пераемнасць пакаленняў, шмат моладзі. І я ўпэўнены, што нашы маладыя канструктары будуць з гонарам і годнасцю несці імя Аляксандра Мікалаевіча Ягорава, – адзначыў у сваім выступленні на ўрачыстым мітынгу генеральны дырэктар ААТ «БЕЛАЗ» Сяргей Нікіфаровіч.

Будучы яркай шматграннай асобай і сапраўдным прафесіяналам, Аляксандр Мікалаевіч карыстаўся велізарным аўтарытэтам і павагай у калектыве. За 46 гадоў працоўнага стажу на БЕЛАЗе практычна ўся тэхніка, што выпускалася заводам, прайшла праз яго рукі.

Пад кіраўніцтвам Аляксандра Ягорава былі распрацаваны і ўкаранёны ў серыйную вытворчасць каля 400 мадыфікацый і выкананняў унікальных машын брэнда «БЕЛАЗ», выраблены перспектыўныя мадэлі самазвалаў на газавым паліве, гібрыдных прывадах, рабатызаваная тэхніка са штучным інтэлектам і новыя віды спецтэхнікі. Шмат у чым дзякуючы яго канструктарскаму генію створаны знакамітыя на ўвесь свет кар'ерныя гіганты асабліва вялікай грузападымальнасці, у тым ліку самазвал БЕЛАЗ-75710 грузападымальнасцю 450 тон, аналагаў якому не існуе.

– Сёння Аляксандру Мікалаевічу споўнілася б 69 гадоў. Паўгода яго ўжо няма з намі. 46 гадоў свайго жыцця ён прысвяціў Беларускаму аўтамабільнаму заводу, 43 гады прапрацаваў канструктарам, з іх 28 гадоў ён кіраваў нашым падраздзяленнем. У цяжкія 90-я менавіта пад яго кіраўніцтвам стваралася лінейка тых хадавых мадэляў кар'ерных самазвалаў, якія з'яўляюцца нашым брэндам і займаюць годнае месца ў аўтагаспадарках здабыўных прадпрыемстваў практычна на ўсіх кантынентах свету. Аляксандр Мікалаевіч казаў, што не трэба баяцца новай тэхнікі, яна наша жыццё і рух наперад. Таму пакуль мы будзем ствараць новыя ўзоры кар'ерных машын, якія будуць запатрабаваныя на сусветным рынку, будзе і ўвекавечана імя Аляксандра Мікалаевіча Ягорава, – сказаў генеральны канструктар – начальнік НТЦ Алег Сцяпук.

За шматгадовую добрасумленную працу ў сферы айчыннага машынабудавання, значны асабісты ўклад у распрацоўку, вытворчасць і ўдасканаленне кар'ернай тэхнікі «БЕЛАЗ» Аляксандр Ягораў быў удастоены ганаровага звання «Заслужаны работнік БЕЛАЗа», узнагароджаны ордэнам Пашаны, медалём «За працоўныя заслугі», ганаровымі граматамі Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, Міністэрства прамысловасці і іншымі.