Парк цяжкавагавікоў Лебядзінскага ГАКа папоўнілі 220-тоннікі «БЕЛАЗ»

10 сентября 2020

Новости

Тры кар’ерныя самазвалы БЕЛАЗ-75309 грузападымальнасцю 220 тон адгружаны на адрас АТ «Лебядзінскі ГАК» (холдынг «Металаінвест», Расійская Федэрацыя). Будучы даўнім і надзейным партнёрам ААТ «БЕЛАЗ», Лебядзінскі ГАК планамерна нарошчвае аб’ёмы вытворчасці, робячы стаўку на сучасную і эфектыўную кар’ерную тэхніку «БЕЛАЗ».

220-тонныя самазвалы БЕЛАЗ-75309 у кар’еры Лебядзінскага ГАКа

Далучыўшыся да дваццаці 220-тонных сабратоў БЕЛАЗ-75309, што ўжо працуюць у кар’еры, новыя самазвалы папоўняць вялікі белазаўскі парк аўтатрактарнага ўпраўлення Лебядзінскага ГАКа, які складаецца з 76 адзінак кар’ернай тэхнікі «БЕЛАЗ» – самазвалаў грузападымальнасцю 30–220 тон і спецтэхнікі.

Кар’ер Лебядзінскага ГАКа, размешчаны ў Белгарадскай вобласці паміж гарадамі Стары Аскол і Губкіна, двойчы занесены ў кнігу рэкордаў Гінеса як найбуйнейшы адкрыты кар’ер па здабычы негаручых карысных выкапняў. У гэтым самым глыбокім у свеце жалезарудным кар’еры (глыбіня – 447 м ад паверхні зямлі) «БЕЛАЗы» эфектыўна выконваюць задачы па транспарціроўцы вялікіх аб’ёмаў горнай масы, дастаўляюць руду і кварцыт на абагачальную фабрыку.

Зразумела, што такому велічнаму кар’еру павінна адпавядаць і тэхніка. Пад капотам 220-тонных самазвалаў-навабранцаў ЛГАКа магутны рухавік у 2 300 конскіх сіл. Гэтыя надзейныя і высокапрадукцыйныя волаты адрозніваюцца якасцю вузлоў і механізмаў, якія забяспечваюць стабільную працу і бяспеку руху нават пры самых неспрыяльных умовах надвор’я.

Кабіна павышанай камфортнасці самазвала БЕЛАЗ-75309 абсталявана сучаснай сістэмай клімат-кантролю і забяспечвае высокі ўзровень шума- і вібраізаляцыі, а эрганамічнае размяшчэнне органаў кіравання зніжае стамляльнасць і павышае прадукцыйнасць працы вадзіцеля.

АТ «Лебядзінскі ГАК» – адзіны ў Расіі і СНД вытворца гарачабрыкеціраванага жалеза, якое прымяняецца пры вытворчасці сталі. У гэтым годзе камбінат выдаў на-гара 750 млн тон жалезаруднага канцэнтрату. Паміж ААТ «БЕЛАЗ» і АТ «Лебядзінскі ГАК» з 2003 года дзейнічае пагадненне аб доўгатэрміновым супрацоўніцтве. За тры апошнія гады ЛГАКу пастаўлена 26 адзінак кар’ерных самазвалаў і спецтэхнікі «БЕЛАЗ».