0%

Партнёрства з багатай гісторыяй

28 ноября 2019

Новости

Для аднаго з асноўных стратэгічных партнёраў Беларускага аўтамабільнага завода на рынку Узбекістана – АТ «Алмалыкскі горна-металургічны камбінат» (АГМК), з якім БЕЛАЗ звязвае шматгадовае плённае супрацоўніцтва, гэты год з’яўляецца юбілейным. АГМК адсвяткаваў сваё 70-годдзе.

Яшчэ на заранку стварэння камбіната ў 60-ых гадах мінулага стагоддзя засвойваць мясцовыя радовішчы дапамагалі першыя 27-тонныя кар’ерныя самазвалы БЕЛАЗ-540 жодзінскай вытворчасці. У 80-ыя гады пачаўся новы этап у жыцці прадпрыемства, калі былі атрыманы першыя «БЕЛАЗы» грузапад’ёмнасцю 75 тон. У апошняе дзесяцігоддзе практычна цалкам абнавіўся парк тэхнікі аўтамабільнага ўпраўлення АГМК. У кар’еры і руднікі камбіната прыйшлі сучасныя, мадэрнізаваныя машыны.
У цэлым парк кар’ернай тэхнікі «БЕЛАЗ» АГМК налічвае больш за 200 адзінак кар’ерных самазвалаў грузапад’ёмнасцю ад 30 да 220 тон.

Алмалыкскі ГМК з’яўляецца адным з буйнейшых прамысловых прадпрыемстваў Узбекістана і буйнейшым вытворцам медзі ў Цэнтральнай Азіі. АГМК аб’ядноўвае чатыры горназдабываючыя прадпрыемствы, дзве абагачальныя фабрыкі, два металургічныя заводы з сернакіслотнай вытворчасцю, рамонтна-механічны і вапнавы заводы, аўтатранспартнае ўпраўленне, упраўленне чыгуначнага транспарту і інш. Камбінат выпускае рафінаваную медзь, металічны цынк, малібдэн, свінцовы канцэнтрат і іншую прадукцыю. На долю АГМК прыходзіцца каля 90 % вытворчасці срэбра і 20 % золата ў краіне. Золата і срэбра, якія вырабілі на камбінаце, маюць знак якасці Лонданскай асацыяцыі рынку каштоўных металаў «Добры пастаўшчык».

На засваенні новага радовішча медна-малібдэнавых руд «Ёшлік I», на якім у бліжэйшыя гады плануецца здабываць да 74 мільёнаў тон меднай руды ў год, працуюць каля 80 кар’ерных самазвалаў БЕЛАЗ-7540К і БЕЛАЗ-75131 грузапад’ёмнасцю адпаведна 30 і 130 тон, цягачы-буксіроўшчыкі БЕЛАЗ-74131, паліваарашальныя машыны БЕЛАЗ-76470, а таксама колавыя бульдозеры БЕЛАЗ-78231.

Па дамове, якая была падпісана ў ліпені гэтага года ў Мінску на I Форуме рэгіёнаў Беларусі і Узбекістана, у АГМК адправілася партыя падземнай тэхнікі: шахтавыя самазвалы МаАЗ-65010 і пагрузачна-даставачная машына МаАЗ-4035. Працягваецца праца па рэалізацыі паставак кар’ернай тэхнікі «БЕЛАЗ» для АТ «Алмалыкскі ГМК» на 2020–2024 гады.

У агульным на горназдабываючых прадпрыемствах Узбекістана працуе больш за 900 адзінак беларускай кар’ернай тэхнікі грузапад’ёмнасцю 30–240 тон. Апошнія некалькі гадоў гэтая краіна стабільна ўваходзіць у топ-3 знешнегандлёвых партнёраў БЕЛАЗа.

Віншуем працоўны калектыў
АТ «Алмалыксі горна-металургічны камбінат»
са знамянальным юбілеем!
Прадукцыя кампаніі шырока вядомая не толькі ва Узбекістане,
але і за межамі краіны. За гэтым стаіць велізарная
работа прафесіяналаў АГМК, вопыт і талент кіраўнікоў, адданасць калектыву свайму
прадпрыемству і дастойнае служэнне агульнай справе. Жадаем кампаніі поспехаў,
стабільнага росту і росквіту, узаемнага пладатворнага супрацоўніцтва!