0%

Тыдзень маці на БЕЛАЗе: яркі і цёплы шоу-конкурс «Дочкі-маці-2020»

15 октября 2020

Новости

Карпаратыўная сацыяльная адказнасць – прыярытэтны напрамак дзейнасці кампаніі, а сям’і і мацярынству, сацыяльнай падтрымцы работнікаў на БЕЛАЗе надаецца асаблівая ўвага.

Да Дня маці аднаразовую матэрыяльную дапамогу атрымалі адзінокія маці (бацькі), а таксама сем’і, у якіх дзеці выхоўваюцца пад апекай. На працягу года матэрыяльная падтрымка аказваецца розным катэгорыям жанчын і сем’яў (адзінокім маці; жанчынам, якія знаходзяцца ў адпачынку па догляду за дзіцём; шматдзетным сем’ям; сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей-сірот або дзяцей-інвалідаў; сем’ям, у якіх дзеці выхоўваюцца пад апекай, і сем’ям, якія страцілі карміцеля). Акрамя таго, шэраг прывілеяў маюць работнікі, якія выхоўваюць траіх і больш дзяцей ва ўзросце да 16 гадоў або дзіцяці-інваліда да 18 гадоў, адзінокія маці, удовы, бацькі, якія выхоўваюць без маці дваіх і больш дзяцей ва ўзросце да 16 гадоў, і іншыя катэгорыі.

У чарадзе святочных мерапрыемстваў, прымеркаваных да Дня маці, асаблівае месца заняў яркі, напоўнены творчасцю, душэўнай цеплынёй і пяшчотай карпаратыўны шоу-конкурс сярод завадчанак «Дочкі-маці», які прайшоў 14 кастрычніка на галоўнай сцэне Палаца культуры БЕЛАЗа.

Падрабязнасці – у нашым фотарэпартажы.

Звяртаючыся да ўдзельніц конкурснай праграмы і прысутных у зале, генеральны дырэктар ААТ «БЕЛАЗ» Сяргей Нікіфаровіч цёпла павіншаваў жанчын з цудоўным святам – Днём маці:
– Трапяткая і бязмерная матчына любоў з калыскі сагравае і аберагае нас, дапамагае пераадольваць жыццёвыя нягоды, спадзявацца, верыць у поспех. І не важна, колькі нам гадоў, – матчына добрае слова, яе ласкавы погляд і мудры савет патрэбныя кожнаму з нас. Вялікая мацярынская праца заўсёды будзе самай ганаровай і значнай. Дарагія жанчыны, мамы і бабулі! Зямны паклон вам за вашу нястомную працу, бязмежнае цярпенне, душэўную шчодрасць. Няхай вашы вочы заўсёды свецяцца шчасцем! Жадаю вам здароўя, сямейнага дабрабыту, узаемаразумення і ў адказ цяпла ад вашых дзяцей!

У сямейным шоу-конкурсе прымалі ўдзел чатыры пары чароўных і таленавітых мам з дочкамі, якія распавялі пра сябе і парадавалі публіку незабыўнай, яркай, займальнай шоу-праграмай. Удзельніцы конкурсу аб’ядналі на адной сцэне ўсё: і тэатральныя нумары, і выдатныя спевы, і палымяныя танцы і многае іншае.

Прыгажосць і гармонія, дабрыня і кранальнае стаўленне адзін да аднаго, любоў да творчасці дапамаглі канкурсанткам стварыць цудоўны святочны настрой, запаліць залу і падарыць гледачам цэлы россып выдатных уражанняў.