У адпаведнасці з найноўшымі тэндэнцыямі

18 февраля 2020

Новости

2020 год – гэта завяршальны этап выканання Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2016–2020 гады (далей Праграма). Чатыры гады БЕЛАЗ упэўнена павялічваў аб’ёмы вытворчасці і пашыраў мадэльны рад прадукцыі, асвойваў новыя рынкі і замацоўваўся на іх.

У адпаведнасці з Праграмай тэмп росту вытворчасці прамысловай прадукцыі павінен скласці 110–115 %. Па выніках працы за 2016–2019 гады ў холдынгу «БЕЛАЗ-ХОЛДЫНГ» тэмп росту вытворчасці ў адносінах да 2015 года склаў 240,9 %.

Інвестыцыі ў будучыню

Праца Беларускага аўтамабільнага завода – гэта шматгранны і гарманічны працэс. Адным з важных напрамкаў з’яўляецца рэалізацыя буйных інвестыцыйных праектаў, паколькі інвестыцыі ў развіццё вытворчасці цягнуць за сабой не толькі ўкараненне перадавых тэхналогій, але і павышэнне якасці прадукцыі, стварэнне новых працоўных месцаў і рост экспарту.

У 2019 годзе ААТ «БЕЛАЗ» завяршыла маштабны інвестыцыйны праект «Стварэнне магутнасцяў і павелічэнне аб’ёмаў вытворчасці і рэалізацыі кар’ерных самазвалаў грузападымальнасцю 90–450 тон». За час яго рэалізацыі асвоена 279 мільёнаў долараў, пабудаваны новы блок вытворчых цэхаў плошчай 25,3 тыс. кв. метраў, набыта 562 адзінкі высокапрадукцыйнага тэхналагічнага абсталявання. Створана 175 новых працоўных месцаў, з іх 98 высокапрадукцыйных.

У рамках праекта запушчаны найноўшы па ўзроўні тэхналогій і рабатызацыі комплекс падрыхтоўкі і афарбоўкі дэталяў і вузлоў кар’ернай тэхнікі «БЕЛАЗ» вялікай і асабліва вялікай грузападымальнасці. Сучаснае тэхналагічнае абсталяванне дазваляе забяспечыць высокую якасць падрыхтоўкі паверхні, грунтавання і нанясення фінішнага пакрыцця. Ва ўзвядзенне фарбавальнага комплексу БЕЛАЗам у цэлым было інвесціравана больш за 15 млн долараў.

На Кранавым заводзе ў Слуцку, які ўваходзіць у склад холдынгу «БЕЛАЗ-ХОЛДЫНГ», адкрылі ўнікальную для Беларусі вытворчасць кранаў маставога тыпу грузападымальнасцю да 240 тон.

У цэлым на мадэрнізацыю прадпрыемства, якое выпускае пад’ёмна-транспартнае абсталяванне, і будаўніцтва новай вытворчасці было накіравана каля 15 мільёнаў еўра інвестыцыйных сродкаў, а аб’ём вытворчых плошчаў у ААТ «Кранавы завод» павялічыўся да 30,38 тыс. кв. м.

Магілёўскі вагонабудаўнічы завод у 2019 годзе запусціў новы інвестыцыйны праект па арганізацыі вытворчасці чыгуначнага рухомага грузавога саставу. З пачатку рэалізацыі праекта аб’ём інвестыцый у асноўны капітал склаў 4 966 тыс. рублёў. Крыніца фінансавання – уласныя сродкі прадпрыемства.

Рэалізацыя праекта дазволіць пашырыць наменклатуру прадукцыі, што выпускае прадпрыемсва, і выйсці на вытворчасць 4 000 вагонаў у год з 2023 года.

«Кузлітмаш» працягвае рэалізацыю інвестыцыйнага праекта па арганізацыі вытворчасці базавых вузлоў электрычных машын. Перыяд рэалізацыі праекта 2018–2020 гг. Агульны кошт складзе 4 680 тыс. рублёў.

Дадзены інвестыцыйны праект прадугледжвае вытворчасць і рэалізацыю вузлоў электрычных машын, якія з’яўляюцца базавымі для цягавых электрарухавікоў «БЕЛАЗ» і для газатурбінных генератараў. З пачатку рэалізацыі праекта асвоена інвестыцый у асноўны капітал 2 679,2 тыс. рублёў, у тым ліку за 2019 год – 2 662,4 тыс. рублёў.

У філіяле ААТ «БЕЛАЗ» – кіруючая кампанія холдынгу «БЕЛАЗ-ХОЛДЫНГ» – СПК «Першамайскі» ўведзена ў эксплуатацыю новая малочна-таварная ферма (МТФ) на 774 галавы буйной рагатай жывёлы. Сучасныя тэхналогіі, якія выкарыстоўваюцца на ферме, забяспечаць высокую прадукцыйнасць, якасць малака, паспрыяюць захаванню пагалоўя. Аб’ём інвестыцый, накіраваных на будаўніцтва гэтага сельскагаспадарчага аб’екта, склаў 7,9 млн рублёў.

У 2020 годзе БЕЛАЗ і прадпрыемствы холдынгу «БЕЛАЗ-ХОЛДЫНГ» працягнуць працу па максімальным выкарыстанні ўсіх наяўных рэсурсаў і фарміраванні сістэмы бесперапынных паляпшэнняў галоўных напрамкаў сваёй дзейнасці. Гэта ўклад БЕЛАЗа ва ўпэўненае сацыяльна-эканамічнае развіццё Рэспублікі Беларусь.