0%

У Кемераве затрымана партыя кантрафактных запчастак для кар’ернай тэхнікі «БЕЛАЗ»

3 марта 2020

Новости

Чарговае правапарушэнне ў сферы звароту кантрафакту выявілі паліцэйскія гэтага абласнога цэнтра Расіі сумесна з прадстаўнікамі службы бяспекі ТАА «БЕЛАЗ-24».

У аднам са складскіх памяшканняў, якое належыць кемераўскай кампаніі, былі выяўленыя запасныя часткі да кар’ернай тэхнікі «БЕЛАЗ», што маюць усе ўяўныя прыкметы кантрафактнасці. Агляд гэтых дэталяў, які быў праведзены з удзелам завода-вытворцы, пацвердзіў: запчасткі да самазвалаў ужо былі ва ўжытку, маюць моцную ступень зношанасці. Аднак некаторы час таму яны прайшлі працэс аднаўлення ва ўмовах саматужнай вытворчасці з выкарыстаннем нізкаякасных матэрыялаў і прызначаліся для рэалізацыі спажыўцам пад выгладам новых.

Як высветлілася, кемераўскія прадпрымальнікі займаліся незаконнай скупкай і далейшым перапродажам кантрафактных запчастак да беларускай спецтэхнікі ўжо пэўны час. Гэтым яны не толькі ўводзілі ў зман сваіх пакупнікоў, але і ставілі пад пагрозу беспеку работы на кузбаскіх горназдабываючых прадпрыемствах. Адноўленыя запасныя часткі да самазвалаў «БЕЛАЗ» ужо не маюць неабходнага запасу трываласці, іх устаноўка на тэхніку вядзе да сур’ёзных праблем. Наступствы могуць быць самыя розныя – ад паломак і вымушанага прастою тэхнікі да вытворчых аварый, якія ставяць пад пагрозу жыццё і здароўе людзей. Выключыць такое магчыма пры ўмове выкарыстання арыгінальных запчастак, камплектуючых і змазачных матэрыялаў для самазвалаў «БЕЛАЗ». Набыць арыгінальную прадукцыю завода-вытворцы можна ў яго афіцыйнага прадстаўніка ў рэгіёне ТАА «БЕЛАЗ-24».

Прадпрыемства «БЕЛАЗ-24» цесна ўзаемадзейнічае з праваахоўнымі органамі Кемераўскай вобласці, і дзякуючы гэтаму кантрафактныя схемы выяўляюцца аператыўна і своечасова. ААТ «БЕЛАЗ» і ТАА «БЕЛАЗ-24» па запыце ўдзельнікаў рынку заўсёды гатовыя прыняць удзел у ажыццяўленні ўваходнага кантролю якасці запасных частак «БЕЛАЗ», што рэалізуюць неафіцыйныя пастаўшчыкі.