У цэнтры ўвагі – патрыятычнае выхаванне белазаўцаў

17 февраля 2020

Новости

17 лютага ў ААТ «БЕЛАЗ» – кіруючая кампанія холдынгу «БЕЛАЗ-ХОЛДЫНГ» прайшла рабочая сустрэча з прадстаўнікамі камандавання сіл спецыяльных аперацый Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь на чале з камандуючым генерал-маёрам Вадзімам Дзенісенкам і генеральным дырэктарам Беларускага аўтамабільнага завода Пятром Пархомчыкам.

Падчас сустрэчы былі абмеркаваны пытанні сумеснага правядзення мерапрыемстваў, прымеркаваных да 75-годдзя Вялікай Перамогі і Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, а таксама ўзаемадзеяння з вайсковымі часцямі, у якіх праходзяць тэрміновую ваенную службу работнікі прадпрыемства.

З 9 500 работнікаў БЕЛАЗа каля 2 500 чалавек ва ўзросце да 31 года. Штогод у маі і лістападзе каля 60-ці маладых белазаўцаў ва ўрачыстай абстаноўцы накіроўваюцца на службу ў беларускую армію. Адслужыўшы, хлопцы вяртаюцца ў калектыў пасталелымі, спрактыкаванымі.

Кожныя пяць гадоў у ААТ «БЕЛАЗ» – кіруючая кампанія холдынгу «БЕЛАЗ-ХОЛДЫНГ» абнаўляецца праграма «Моладзь БЕЛАЗа», у якой прапісаны асноўныя напрамкі работы з гэтай катэгорыяй завадчан, а таксама льготы і гарантыі для маладых работнікаў. У прыватнасці, маладым белазаўцам, якія вярнуліся на прадпрыемства пасля службы ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь, аказваецца істотная матэрыяльная дапамога ў памеры 50 % ад сярэдняй заработнай платы па прадпрыемстве.

З 2019 года ў ААТ «БЕЛАЗ» рэалізуецца праект, у рамках якога прадстаўнікі прадпрыемства наведваюць маладых белазаўцаў у месцах праходжання тэрміновай службы. Мэта праекта – даведацца, як хлопцам служыцца, і даць ім магчымасць у чарговы раз адчуць клопат пра сябе. А падпіска на карпаратыўную газету «Навіны БелАЗа» дазваляе былым белазаўцам быць ў курсе спраў, якія адбываюцца на заводзе.

Праца з моладдзю на БЕЛАЗе знаходзіцца пад пастаяннай увагай адміністрацыі прадпрыемства. Тут стаўку робяць на актыўную і мэтанакіраваную моладзь і ствараюць умовы, якія б стымулявалі развіццё творчасці, прафесіяналізму маладых работнікаў, падтрымліваюць іх ініцыятывы.