0%

Выконваем партнёрскія абавязацельствы

16 декабря 2020

Новости

Беларускі аўтамабільны завод працягвае пастаўкі 220-тонных кар’ерных самазвалаў для буйнога праекта «Асваенне радовішча Ёшлик I», які рэалізуецца АТ «Алмалыкскі горна-металургічны камбінат».

29 самазвалаў асабліва вялікай грузападымальнасці БЕЛАЗ-75307 будзе пастаўлена аднаму са стратэгічных партнёраў нашай кампаніі на рынку Узбекістана ў рамках партнёрскіх абавязацельстваў. Першыя партыі кар’ернікаў былі адгружаныя ў кастрычніку і лістападзе, а ўжо 1 снежня адбылася цырымонія ўрачыстага ўводу беларускіх велікагрузаў у месцы эксплуатацыі.

Прафесіяналізм, высокая кваліфікацыя, вялікі вопыт работнікаў АГМК, а таксама кампетэнтнасць спецыялістаў Беларускага аўтамабільнага завода дазволілі завяршыць зборку «БЕЛАЗаў» раней за тэрмін.

– Прыемна, што такая буйная і складаная спецтэхніка беларускага аўтагіганта была сабрана ў кароткія тэрміны, – падкрэсліў Абдула Хурсанаў, старшыня праўлення АТ «Алмалыкскі ГМК».– Гэтыя сучасныя кар’ерныя самазвалы, несумненна, паслужаць павышэнню прадукцыйнасці камбіната.

– Дзякуючы згуртаванай, суладнай працы нашых калектываў спецтэхніку ўдалося сабраць за 10 дзён. Згодна з рэгламентам на зборку спатрэбілася б 14–16 дзён, – адзначыў начальнік упраўлення тэхналагічнага транспарту Аляксей Харын. – На сённяшні дзень другая партыя ў колькасці 5 адзінак аналагічнай тэхнікі ўжо адгружана і знаходзіцца ў дарозе.

Першую здабычу меднай руды на «Ёшлік 1» (у перакладзе з узбекскай мовы «Ёшлік» – гэта маладосць) плануюць ажыццявіць ужо ў 2021 годзе. Павялічваць аб’ёмы здабычы руды плануецца паступова. Да 2023 года руднік павінен выйсці на паказчык у 65 мільёнаў тон штогод, а да 2035 года – на 74 мільёны тон.

У цэлым на горназдабываючых прадпрыемствах Узбекістана працуе больш за 800 адзінак беларускай кар’ернай тэхнікі грузападымальнасцю 30–240 тон. Апошнія некалькі год гэтая краіна стабільна ўваходзіць у топ-3 знешнегандлёвых партнёраў БЕЛАЗа.