0%

Яшчэ больш тэхналагічна, яшчэ больш эфектыўна: руду каля гары Качканар перавозяць найноўшыя «БЕЛАЗы»

18 февраля 2021

Новости

Губернатар Свярдлоўскай вобласці Расіі Яўген Куйвашаў высока ацаніў магчымасці сучасных кар'ерных самазвалаў «БЕЛАЗ» падчас візіту 17 лютага на новы кар'ер ЕЎРАЗ Качканарскага ГАКа.

Кіраўнік рэгіёну Яўген Куйвашаў прыняў удзел у запуску ў працу новых 240-тонных «БЕЛАЗаў» на новым радовішчы жалезнай руды ЕЎРАЗ Качканарскага ГАКа

Прамысловая здабыча жалезнай руды на Уласна-Качканарскім радовішчы (УКР), размешчаным на схілах гары Качканар, пачалася ў лістападзе мінулага года. Губернатару распавялі, што ў 2021 годзе тут плануецца здабыць каля 5 млн тон руды. Для гэтага прадпрыемствам за апошні месяц набыта дзевяць адзінак сучаснай горнай тэхнікі. У іх ліку – чатыры высокатэхналагічныя кар'ерныя самазвалы БЕЛАЗ-75313 грузападымальнасцю 240 тон, якія ўпершыню выкарыстаны на УКР для перавозкі жалезнай руды з забою да перагрузачных пунктаў. Да гэтага «БЕЛАЗы» транспарціравалі тут раскрыўную пароду.

Для беларускіх сталёвых гігантаў на УКР пракладзеная шматкіламетровая тэхналагічная дарога шырынёй 32 м, а таксама будуць пабудаваныя зручныя заезды на працоўныя пляцоўкі пад загрузку

Качканарскія гарнякі мэтанакіравана выбіраюць тэхніку «БЕЛАЗ» для вырашэння самых складаных вытворчых задач па транспарціроўцы горнай пароды ў новым кар'еры. Першыя для гэтага ўральскага рэгіёну тры 240-тонныя самазвалы паспяхова зарэкамендавалі сябе, працуючы на іншым кар'еры ЕЎРАЗ Качканарскага ГАКа з 2019 года, а яшчэ два кар’ернікі БЕЛАЗ-75313 папоўнілі парк горнага транспарту камбіната мінулым летам. Такім чынам, на КГАК цяпер эксплуатуюцца дзевяць «БЕЛАЗаў» грузападымальнасцю 240 тон. У бліжэйшыя гады для рэалізацыі першай чаргі развіцця УКР плануецца набыццё яшчэ трох самазвалаў серыі БЕЛАЗ-7531.

Магутны 240-тонны самазвал БЕЛАЗ-75313 з'яўляецца адной з белазаўскіх навінак у сваім класе грузападымальнасці. Аб'яднаўшы ў сабе самыя прагрэсіўныя рашэнні, гэтая надзейная і бяспечная кар'ерная машына стала яшчэ больш тэхналагічнай, яшчэ больш эфектыўнай у працы. Самазвал валодае багатым функцыяналам, паліўнай эканамічнасцю, высокай манеўранасцю, плаўнасцю ходу і ўстойлівасцю на горных дарогах.