45 гадоў таму «БЕЛАЗы» спынілі воды Енісея – пачалося ўзвядзенне Саяна-Шушанскай ГЭС

26 октября 2020

Новости

Самая магутная гідраэлектрастанцыя Расіі – Саяна-Шушанская адзначае юбілей. 45 гадоў таму, у кастрычніку 1975 года, у гэтых месцах была перакрыта адна з найвялікшых рэк Зямлі – Енісей. Самазвалы БЕЛАЗ-540А спынілі вялікую сібірскую раку велізарнымі мармуровымі грудамі!


Першым «БЕЛАЗам», які пачаў перакрываць раку ў 10 гадзін 11 кастрычніка 1975 года ў асяроддзі радасных будаўнікоў, кіраваў шафёр-перадавік Ілля Кажура (ён жа 12 верасня 1968 быў за рулём самазвала, з якога ў бушуючыя воды Енісея ў Карлавым створы ўпалі першыя камяні).

Гружаныя горнай пародай 27-тонныя «БЕЛАЗы» змянялі адзін аднаго, і праз тры гадзіны рака была перакрытая – наравісты Енісей вымушаны быў скарыцца волі людзей і іх магутным машынам. Так на мяжы паміж Краснаярскім краем і Хакасіяй, дзе да 1961 года была толькі непраходная тайга, пачалася яшчэ адна грандыёзная ўсесаюзная будоўля.

Стварэнне ўнікальнай арачна-гравітацыйнай плаціны вышынёй 242 м ва ўмовах вузкай горнай цясніны Заходніх Саян, дзе рэчышча ракі складалася з суцэльных парогаў і перакатаў, і суровага клімату Сібіры не мела аналагаў у свеце. Усяго праз тры гады, у снежні 1978-га, першы гідраагрэгат Саяна-Шушанскай ГЭС быў уведзены ў эксплуатацыю.

Першыя 27-тонныя кар’ерныя самазвалы «БЕЛАЗ» назаўсёды ўпісаныя ў гісторыю Саяна-Шушанскай ГЭС імя П. С. Непарожняга (філіял ПАТ «Русгідра»), якая і сёння займае 14-е месца ў ліку самых буйных і самых эфектыўных гідраэлектрастанцый свету. Назва станцыі пайшла ад назваў Саянскіх гор і размешчанай непадалёку вёскі Шушанскае.