0%

ААТ «БЕЛАЗ» у ліку галоўных лаўрэатаў турыстычнага конкурсу «Пазнай Беларусь-2020»

21 Декабря 2020

Новости

Праект прамысловага турызму «БЕЛАЗ – брэнд Беларусі», які рэалізуецца на Беларускім аўтамабільным заводзе, адзначаны Нацыянальным агенцтвам па турызме Рэспублікі Беларусь як лепшы турыстычны праект краіны па выніках XVIII Рэспубліканскага турыстычнага конкурсу «Пазнай Беларусь».

18 снежня адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў і дыпламантаў прэстыжнага конкурсу, які штогод праводзіцца Нацыянальным агенцтвам па турызме сумесна з Міністэрствам спорту і турызму. Лаўрэаты вызначаліся кампетэнтным журы ў 10 намінацыях з больш чым 1 000 заявак. У выніку праект нашага прадпрыемства «БЕЛАЗ – брэнд Беларусі» перамог у адной з самых прадстаўнічых намінацый конкурсу – «Праект года».

Пяць гадоў таму БЕЛАЗ першым у машынабудаўнічай галіне краіны адкрыў дзверы турыстам. За гэты час унікальнай магчымасцю пабачыць на свае вочы вялізныя кар'ерныя машыны і пазнаёміцца з асаблівасцямі вытворчасці тэхнікі сусветнага ўзроўню скарысталіся каля 120 тысяч чалавек больш чым з 20 краін свету. Праведзена амаль 6 тысяч экскурсій, а больш за 4 тысячы турыстаў пракаціліся на кар'ерным самазвале «БЕЛАЗ».

Сёння каля трох дзясяткаў турыстычных фірмаў абавязкова ўключаюць наведванне БЕЛАЗа ў туры выхаднога дня, арганізоўваюць пазнавальныя паездкі для школьнікаў.

Рэспубліканскі турыстычны конкурс «Пазнай Беларусь» закліканы садзейнічаць развіццю ўнутранага і ўязнога турызму, стварэнню іміджу Беларусі як спрыяльнай для турызму краіны, а таксама заахвочваць дасягнення туріндустрыі.

У дні надыходзячых зімовых канікул і чароўных святаў Раства і Новага года БЕЛАЗ запрашае сваіх гасцей у займальны экскурсійны тур «Новы год. БЕЛАЗ. TikTok» з сюрпрызамі і фірмовымі падарункамі. З 21 снежня па 10 студзеня на радзіме сусветнага брэнда кар'ернай тэхнікі гасцей будуць сустракаць навагоднія героі белазаўскай казкі з вялікай двухгадзіннай праграмай незвычайных прыгод.