0%

Адміністрацыя і прафсаюз: сумесная праца ў імя калектыву

6 апреля 2021

Новости

Канферэнцыя першаснай прафсаюзнай арганізацыі ААТ «БЕЛАЗ» прафсаюза «БЕЛПРАФМАШ», членамі якой з'яўляюцца 16 777 чалавек, адбылася 2 красавіка ў Палацы культуры прадпрыемства. На ёй прысутнічалі 275 дэлегатаў ад усіх структурных падраздзяленняў БЕЛАЗа і яго філіялаў у Магілёве і СВК «Першамайскі», а таксама прадстаўнікі ААТ «БЕЛАЗ-СЭРВІС» і СДЮШАР «БЕЛАЗ».

У працы канферэнцыі прынялі ўдзел старшыня Жодзінскага гарвыканкама Дзмітрый Заблоцкі, сакратар Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі па міжнароднай працы Ганна Варфаламеева, старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў галін прамысловасці «БЕЛПРАФМАШ» Валерый Курсевіч, старшыня Жодзінскага гарадскога аб'яднання прафсаюзаў Людміла Талмачова.

Справаздачу адміністрацыі аб выкананні калектыўнага дагавора за 2020 год прадставіў дэлегатам генеральны дырэктар Сяргей Нікіфаровіч. У сваім дакладзе ён закрануў найважнейшыя пытанні жыцця прадпрыемства, падвёў вынікі працы БЕЛАЗа за 2020 год, пазначыў планы на год бягучы.

– Нягледзячы на цяжкія ўмовы сусветнай пандэміі і падзенне коштаў на энергарэсурсы мы з вамі паставілі на сусветны рынак 480 адзінак тэхнікі гандлёвых марак «БЕЛАЗ» і «МаАЗ». Прадукцыя была адгружана ў 24 краіны свету, з іх 17 – далёкага замежжа, – сказаў кіраўнік прадпрыемства. – Акрамя таго, упершыню за ўсю гісторыю БЕЛАЗа дасягнуты значны поспех у пастаўках у краіны далёкай дугі – у 2020 годзе адгрузка прадукцыі ў краіны далёкага замежжа павялічылася ў 2,4 раза. Найважнейшай экспартнай пастаўкай года стала рэалізацыя кантракта з індыйскай дзяржаўнай кампаніяй Coal India Limited, куды на працягу года было адгружана 77 кар'ерных самазвалаў БЕЛАЗ-75137.

Інвестыцыйная дзейнасць прадпрыемства ў 2020 годзе вялася ў двух напрамках: стварэнне новых вытворчасцяў і мадэрнізацыя і пашырэнне існуючых магутнасцяў. За 2020 год аб'ём інвестыцый склаў 66,9 млн руб. пры заданні 53,5 млн руб. (выкананне склала 124,9 %).

Сяргей Нікіфаровіч пазначыў, што планы па рэалізацыі прадукцыі прадпрыемства на 2021 год сур'ёзныя і амбіцыйныя. Так, тэмп росту экспарту запланаваны на ўзроўні 124,7 %. Аб'ём адгрузкі ў Расію чакаецца з тэмпам росту 198,2 %, у краіны СНД – 97,5 %. Экспарт тавараў чакаецца на суму 480 000,0 тыс. долараў ЗША.

Намечаны рост экспарту ў краіны Еўрапейскага саюза і падтрыманне на высокім узроўні адгрузкі ў краіны далёкай дугі. Чакаецца рост паставак прадукцыі ў ПАР, Кітай, Балгарыю, Польшчу з наступнай рэалізацыяй спажыўцам Польшчы, Чэхіі, Славакіі і Літвы. Акрамя таго, прагназуецца рост экспарту ў Боснію і Герцагавіну, Інданезію, Зімбабвэ, Сербію, Індыю. Адновяцца пастаўкі тэхнікі ў Анголу і Чылі. Чаканая доля краін далёкага замежжа ў агульным аб'ёме рэалізацыі па выніках 2021 года складзе каля 22 %.

– Прадукцыйная, якасная праца кожнага завадчаніна – залог захавання сацыяльнай накіраванасці нашага калектыўнага дагавора і ў будучым, – сказаў генеральны дырэктар. – Перад намі стаяць маштабныя задачы, і толькі аб'яднаўшы намаганні ўсяго калектыву, можна іх вырашыць.

Старшыня прафсаюзнай арганізацыі Валерый Трускоўскі ў сваёй справаздачы асвятліў працу прафкама па рэалізацыі палажэнняў калектыўнай дамовы, па ўдасканаленні і наладжванні канструктыўнага супрацоўніцтва з адміністрацыяй завода ў інтарэсах калектыву, сацыяльнай і прававой абароне работнікаў, іншых аспектах узаемадзеяння адміністрацыі прадпрыемства і прафсаюзнага камітэта.

Пра важнасць і значнасць калектыўнага дагавора на прадпрыемстве красамоўна сведчыць лічба больш за 43 млн рублёў (па галаўному прадпрыемству з філіяламі). Менавіта столькі сродкаў было выдаткавана ў 2020 годзе на рэалізацыю мерапрыемстваў КД.

На канферэнцыі былі прынятыя змены і дапаўненні ў калектыўны дагавор на 2019–2021 гады, што ўступяць у сілу з 1 мая гэтага года. Узаемныя абавязацельствы адміністрацыі і прафсаюзнага камітэта па выкананні калектыўнага дагавора за 2020 год прызнаныя ў асноўным выкананымі.