0%

БЕЛАЗ пабудаваў шматкватэрны дом для сваіх завадчан

24 декабря 2020

Новости

Карпаратыўная сацыяльная адказнасць і стварэнне камфортных умоў для жыцця завадчан – прыярытэты ў сістэме ключавых каштоўнасцяў БЕЛАЗа. Пацвярджае гэта і канцэпцыя будаўніцтва жылля для работнікаў кампаніі на 2014–2020 гады, за час дзеяння якой амаль 600 белазаўцаў палепшылі жыллёвыя ўмовы.

24 снежня навагодні падарунак ад БЕЛАЗа – жылы дом агульнай плошчай кватэр 4 119,36 кв. м – атрымалі 56 сем'яў завадчан, прычым 26 з іх – шматдзетныя.

Шматкватэрны дом для сваіх работнікаў прадпрыемства ўзвяло сваімі сіламі: будаўніцтва вялі спецыялісты і рабочыя шматпрофільнай будаўнічай вытворчасці «БЕЛАЗБУДКОМПЛЕКС», што ажыццявіла ўвесь комплекс будаўніча-мантажных і аддзелачных работ, а таксама добраўпарадкавала тэрыторыю, якая прылягае да новабудоўлі.

Сяміпавярховы двухпад'езных дом абсталяваны 2 ліфтамі, сістэмамі пакватэрнага ўліку расходу цяпла, газу, халоднай і гарачай вады, электраэнергіі. На ўваходзе ўсталяваныя пандусы, якія забяспечваюць бесперашкодны доступ маламабільнага насельніцтва ў дом. Створаны спрыяльныя ўмовы для пражывання, а таксама адпачынку на свежым паветры. На пляцоўках для гульняў дзяцей і ў месцах адпачынку ўстаноўлены малыя архітэктурныя формы, дзіцячае гульнёвае абсталяванне. Пляцоўка для заняткаў спортам абсталявана фірмовымі трэнажорамі «БЕЛАЗ». Гэтыя спартыўныя комплексы карыстаюцца заслужанай папулярнасцю не толькі ў горадзе машынабудаўнікоў Жодзіна, але і за межамі нашай краіны, асабліва ў Расійскай Федэрацыі.

«У рамках сацыяльнай палітыкі холдынгу мы вядзем вялікую працу па забеспячэнні нашых работнікаў належнымі жыллёвымі ўмовамі. Штогод будуем жыллё для белазаўцаў. У гэтым годзе здалі два шматкватэрныя жылыя дамы, а ў першым квартале 2021 года плануем увод у эксплуатацыю яшчэ аднаго», – адзначыў генеральны дырэктар ААТ «БЕЛАЗ» Сяргей Нікіфаровіч.

Асаблівым і істотным для сямейнага бюджэту завадчан бонусам стаў кошт будаўніцтва: 1 кв.м агульнай плошчы аб'екта долевага будаўніцтва складае 1 425 рублёў.

Свае жыллёвыя ўмовы палепшылі 56 сем'яў работнікаў ААТ «БЕЛАЗ» – кіруючая кампанія холдынгу «БЕЛАЗ-ХОЛДЫНГ», з іх 47 скарысталіся дзяржаўнай падтрымкай пры будаўніцтве кватэр у выглядзе субсідый (у тым ліку 26 шматдзетных сем'яў).

БЕЛАЗ актыўна ўдзельнічае ў рэалізацыі задач дзяржаўнай жыллёвай палітыкі і дапамагае кожнаму работніку рэалізаваць сваё права на якаснае жыццё. Гэтая 56-кватэрная новабудоўля для завадчан уключана ў графік фінансавання жылых дамоў, узвядзенне якіх ажыццяўляецца з выкарыстаннем дзяржаўнай падтрымкі ў выглядзе субсідый, вызначаных Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 2017/07/04 № 240 «Аб дзяржаўнай падтрымцы грамадзян пры будаўніцтве памяшканняў».