0%

БЕЛАЗ уладкаваў спортпляцоўку ва ўкраінскім Мелітопалі

21 января 2021

Новости

Новы комплекс для сілавых практыкаванняў на свежым паветры з вулічнымі трэнажорамі вытворчасці ААТ «БЕЛАЗ» усталяваны ва ўкраінскім горадзе Мелітопаль Запарожскай вобласці.

У рамках дамоўленасцей, дасягнутых падчас час візіту Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Беларусь ва Украіне Ігара Сокала ў Мелітопаль у верасні 2020 года, кіраўніцтвам ААТ «БЕЛАЗ» было прынята рашэнне абсталяваць на тэрыторыі Мелітопальскай гімназіі № 1 дзіцячую спартыўную пляцоўку. Фірменныя белазаўскія трэнажоры былі перададзеныя гімназіі генеральным дыстрыб’ютарам БЕЛАЗа ва Украіне – ТАА «СТЛЦ БЕЛАЗ Украіна». У пачатку студзеня 2021 года новая фітнес-зона ў некалькі дзясяткаў квадратных метраў была адкрыта для заняткаў фізкультурай.

На адрас пасольства Беларусі ва Украіне прыйшло пісьмо з падзякай начальніка ўпраўлення адукацыі Мелітопальскага гарадскога савета Ірыны Шчарбак, у якім ад імя ўпраўлення адукацыі, бацькоўскага камітэта і навучэнцаў Мелітопальскай гімназіі № 1 выказана падзяка пасольству і вытворцу кар'ернай тэхнікі ААТ «БЕЛАЗ» за значны ўклад у развіццё гарадской інфраструктуры.

«Цэнім вашу падтрымку і разуменне запытаў сучаснай моладзі ў папулярызацыі спорту і здаровага ладу жыцця», – падкрэсліваецца ў лісце.

Комплекс для сілавых практыкаванняў на свежым паветры складаецца з васьмі трэнажораў, заняткі на якіх дазваляюць умацаваць усе групы мышцаў, развіваюць каардынацыю, сілу і трываласць. Усе спортснарады вытворчасці ААТ «БЕЛАЗ» адрозніваюцца ўстойлівасцю да розных умоў надвор'я і створаны з улікам сучасных еўрапейскіх стандартаў.

Сёння прадукцыя ААТ «БЕЛАЗ» – гэта не толькі запатрабаваная кар'ерная і спецыяльная тэхніка, але і вялікая група тавараў сацыяльнага прызначэння, якая карыстаецца попытам. Лінейка вулічных трэнажораў, якія выпускаюцца БЕЛАЗам, з'яўляецца выдатнай альтэрнатывай аналагічным спартыўным снарадам для закрытых памяшканняў. Такія ж спортпляцоўкі ўжо адкрыты ў розных гарадах Беларусі, Украіны і Расіі.

Фота: mv.org.ua, ria-m.tv