18 ноября 2020
Новости
Дэлегацыя Беларускага аўтамабільнага завода на чале з генеральным дырэктарам Сяргеем Нікіфаровічам наведала адно з найбуйнейшых вуглездабываючых прадпрыемстваў Кузбаса – разрэз «Бярозаўскі», які ўваходзіць у групу прадпрыемстваў АТ «Стройсэрвіс».
Візіт да кузбаскіх вугальшчыкаў кіраўніцтва БЕЛАЗа – гэта працяг даўніх традыцый плённага супрацоўніцтва. АТ «Стройсэрвіс» – адзін з ключавых партнёраў беларускага вытворцы кар’ернай тэхнікі. На прадпрыемствах кампаніі эксплуатуецца больш за 250 адзінак тэхнікі «БЕЛАЗ» – кар’ерныя самазвалы, колавыя бульдозеры, спецмашыны.
З назіральнай пляцоўкі кар’ера белазаўцы азнаёміліся з тэхналогіяй здабычы і абагачэння вугалю на разрэзе «Бярозаўскі», а таксама мелі магчымасць убачыць працу самазвалаў «БЕЛАЗ». Гасцям таксама прадэманстравалі абагачальны тэхкомплекс, распавялі пра сучасныя сістэмы пылападаўлення – вадзяныя гарматы, што распыляюць бяспечныя палімеры.
– Суровая праца і адначасова цікавая. Усё, што звязана з горнай працай, мне здаецца вельмі займальным. Тут працуюць сапраўдныя мужчыны, – падзяліўся першымі ўражаннямі ад наведвання разрэза генеральны дырэктар ААТ «БЕЛАЗ» Сяргей Нікіфаровіч.
– Узаемадзеянне ў нас адбываецца ў тым ліку і ў плане рамонтных работ, пытанняў, якія ўзнікаюць у працэсе эксплуатацыі самазвалаў. БЕЛАЗ заўсёды аператыўна рэагуе на запыты сваіх спажыўцоў, на нашы запыты, – падкрэсліў дырэктар па транспарце АТ «Стройсэрвіс» Віталь Пятроў.
Разрэз «Бярозаўскі» для БЕЛАЗа не толькі найбуйнейшы спажывец тэхнікі, але і свайго роду эксперыментальная пляцоўка. Зараз тут праходзяць прамысловыя выпрабаванні кар’ернага самазвала новага класа грузападымальнасці – 290-тоннага БЕЛАЗ-75320. Іх мэта вызначыць прадукцыйнасць і эфектыўнасць машыны ў рэальных умовах кар’ера.





Пытанні далейшага тэхнічнага ўдасканалення новай тэхнікі кіраўнікі АТ «Стройсэрвіс» і ААТ «БЕЛАЗ» абмеркавалі за круглым сталом, па выніках якога бакі пацвердзілі гатоўнасць і надалей развіваць шматгадовае ўзаемавыгаднае партнёрства.
– Мы гатовыя прапаноўваць нашу тэхніку і адказваем за яе якасць. Яна ніколі не падводзіла нашых партнёраў, – адзначыў Сяргей Нікіфаровіч. – Прыемна, што мы захоўваем дружалюбныя сувязі, з’яўляючыся асноўным партнёрам кампаніі АТ «Стройсэрвіс». Былі агучаны вялікія перспектывы для далейшай распрацоўкі на гэтым радовішчы. І ёсць поўная ўпэўненасць у тым, што нашы кампаніі будуць супрацоўнічаць і далей.
Видео 27trk.ru , фото stroyservis.com
навіны: