0%

Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў: памятаем і шануем подзвіг кожнага

15 февраля 2021

Новости

15 лютага ў Палацы культуры ААТ «БЕЛАЗ» адбылося ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае Дню памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў і 32-й гадавіне вываду савецкіх войскаў з Афганістана.

Апошні савецкі салдат пакінуў Афганістан 15 лютага 1989 года. 9 гадоў 1 месяц і 18 дзён – столькі доўжылася Афганская вайна, праз якую прайшлі больш за паўмільёна савецкіх салдат і афіцэраў. Гэтая вайна ў далёкай ад Беларусі краіне закранула многіх нашых суайчыннікаў, іх сем'і, блізкіх, сяброў і таварышаў. Савецкі Саюз страціў у вайне 14 427 чалавек, больш за 53 тысячы вярнуліся з раненнямі.

На БЕЛАЗе асаблівае стаўленне да гэтых мужных людзей, якія прайшлі дарогамі Афганскай вайны. Ганаровае званне воіна-інтэрнацыяналіста носяць 49 работнікаў Беларускага аўтамабільнага завода. У гэтым годзе па добрай традыцыі яны зноў сустрэліся ў завадскім ДК, каб успомніць тыя дні і баявых таварышаў, «што назаўжды засталіся за рэчкай».

– Паважаныя ветэраны вайны ў Афганістане, дарагія воіны-інтэрнацыяналісты! Пралятае час, мяняецца палітычная карта свету, але, нягледзячы на ўсё гэта, мы захоўваем традыцыю ўшаноўваць нашых хлопцаў, байцоў, якія ў тыя нялёгкія гады былі верныя прысязе і выканалі свой інтэрнацыянальны абавязак. На сваім асабістым прыкладзе, на працоўных месцах, усім сваім жыццём вы дэманструеце падрастаючаму пакаленню, як трэба любіць сваю радзіму і якім павінен быць сапраўдны мужчына. Нізкі паклон вам і тым хлопцам, якія засталіся там. Мы будзем захоўваць памяць пра іх і шанаваць подзвіг кожнага, – адзначыў у сваім выступленні генеральны дырэктар ААТ «БЕЛАЗ» Сяргей Нікіфаровіч.

У адрас воінаў-афганцаў у гэты дзень прагучала мноства цёплых слоў падзякі і шчырых пажаданняў. Старшыня прафсаюзнага камітэта ААТ «БЕЛАЗ» Валерый Трускоўскі падкрэсліў, што ветэраны Афганскай вайны сёння пераймаюць эстафету ў ветэранаў Вялікай Айчыннай у найважнейшай місіі патрыятычнага выхавання моладзі. А старшыня заводскай арганізацыі воінаў-інтэрнацыяналістаў Уладзімір Гірдзёнак падзякаваў генеральнаму дырэктару прадпрыемства за магчымасць сустрэцца, за водгук на ўсе спадзяванні і дзейсную дапамогу гэтай катэгорыі белазаўцаў.

У гонар памятнай даты артысты Палаца культуры і ансамбля ваенна-патрыятычнай песні «Саланг» выканалі для воінаў-афганцаў свае песні.

З годнасцю прайшоўшы ўсе выпрабаванні і па праве заслужыўшы бязмежную павагу, воіны-інтэрнацыяналісты сёння таксама годна і адказна выконваюць сваю працу, з'яўляючыся сапраўдным прыкладам мужнасці і гераізму. Жадаем усім ветэранам-афганцам здароўя, дабрабыту, міру і дабра!