0%

Футбольнай камандзе «Тарпеда-БЕЛАЗ» уручаны бронзавыя медалі

22 января 2021

Новости

21 студзеня на ўрачыстым вечары ў Палацы культуры ААТ «БЕЛАЗ» бронзавыя прызёры вышэйшай лігі нацыянальнага чэмпіянату Беларусі па футболе сезона-2020 гульцы і трэнеры ФК «Тарпеда-БЕЛАЗ» удастоіліся заслужаных узнагарод.

У пачатку ўрачыстасці ўсе, хто сабраўся ў зале, зноўку перажылі самыя цікавыя моманты «бронзавага» сезона, паглядзеўшы відэанарэзку галоў «Тарпеда-БЕЛАЗ» у чэмпіянаце.

Затым на сцэну за заслужанай порцыяй апладысментаў і ўзнагарод падняліся прадстаўнікі заснавальнікаў, партнёраў клуба «Тарпеда-БЕЛАЗ», адміністрацыйны штаб каманды і работнікі стадыёна.

– Тарпедаўцы выходзілі на поле з надпісам «БЕЛАЗ» на грудзях, а за спінай адчувалі сілу і моц Беларускага аўтамабільнага завода, які стаў надзейнай апорай для каманды, – трапна адказаў вядучы цырымоніі Сяргей Пузанкевіч.

Галоўнай жа падзеяй свята, як і належыць па законах жанру, стала запрашэнне на сцэну і ўручэнне бронзавых медалёў «чорна-белай» дружыне. 30 матчаў, 16 перамог, 56 ачкоў, 55 забітых мячоў, унікальная пераможная фінішная серыя, звання гульца месяца, прызы за лепшы гол месяца, справядлівую гульню, звання лепшага трэнера і абаронцы чэмпіянату Беларусі, пуцёўка на Еўракубак, нарэшце, – такія галоўныя дасягненні нашай каманды ў сезоне-2020!

Запаветныя бронзавыя «круглякі», ганаровыя дыпломы і памятныя прызы героі вечара атрымалі з рук старшыні Асацыяцыі «Беларуская федэрацыя футбола» Уладзіміра Базанава і начальніка дэпартамента АБФФ па правядзенні спаборніцтваў Ігара Цаплюка.

Настаўнік «Тарпеда-БЕЛАЗ», лепшы трэнер чэмпіянату краіны 2020 года Юры Пунтус падзякаваў балельшчыкам і верным сябрам каманды, пазначыўшы мэты на новы сезон:

–Мы маем усе ўмовы і магчымасці для новага кроку наперад і зробім усё, каб замахнуцца на самыя высокія месцы на медальным подыуме.

Генеральны дырэктар ААТ «БЕЛАЗ» Сяргей Нікіфаровіч у сваім выступленні перадаў цёплыя словы віншавання гульцам і трэнерскаму штабу ад міністра прамысловасці Рэспублікі Беларусь Пятра Пархомчыка і пацвердзіў самыя высокія задачы, якія стаяць перад «Тарпеда-БЕЛАЗ»:

– Дарагія прыхільнікі гэтага вялікага віду спорту – футбола. У першую чаргу я хачу выказаць словы вялікай удзячнасці Пятра Аляксандравіча Пархомчыка ўсім тым, хто ўдзельнічаў у дасягненні такога сур'ёзнага выніку. Пачынаючы з малога, паступова, крок за крокам вы дасягнулі мэты, якую ставілі перад сабой, стаўшы прызёрамі нацыянальнага чэмпіянату. Пётр Аляксандравіч шчыра ўдзячны ўсім вам за гэта. Што тычыцца мяне, то ў медальную барацьбу я ўключыўся ўжо на фінішным этапе, літаральна захварэўшы футболам і нашай камандай. І хачу звярнуць увагу, што са мной мы пачынаем з трэцяга месца, таму ніжэй ўжо быць не можа. Са свайго боку зраблю ўсё для падтрымкі клуба і ўпэўнены, што галоўныя перамогі ў нас яшчэ наперадзе.

Ушанаванне тарпедаўскай дружыны, якая ўпершыню ў сваёй гісторыі ўзышла на п'едэстал нацыянальнага чэмпіянату, атрымалася па-сямейнаму цёплым і запамінальным. Падзяліць трыумф з футбольнымі майстрамі былі запрошаны самыя адданыя прыхільнікі клуба з ліку шчаслівых уладальнікаў сезонных абанементаў-2020, якія да апошняга верылі ў каманду Юрыя Іосіфавіча Пунтуса і яе медальны фініш.

Другі «тайм» вечара таксама атрымаўся на славу – да віншаванняў бронзавага прызёра далучыліся салісты народнага вакальна-інструментальнага ансамбля «Новы дзень», харавой капэлы імя Эдуарда Шчырага і юныя ўдзельніцы ўзорнага цырка «Ювента», стварыўшы ў зале ўтульную святочную атмасферу.